Першыя асобы дзяржавы знаходзяцца пад пільнай увагай грамадскасці і прэсы. Іх уборы разглядаюць асабліва старанна — любая стылістычная памылка можа стаць прычынай дыпламатычнага скандалу або падставай для пікіровак з боку апанентаў. Аднак Ціханоўская амаль заўсёды выглядае стыльна. Мы паглядзелі, якія рэчы ёсць у шафе лідаркі і дзе купіць такія ж.
Аснову вобразаў Ціханоўскай складаюць прэміяльныя брэнды, што не дзіўна, улічваючы высокі ранг сустрэч, якія ёй даводзіцца наведваць. Часцей палітык з'яўляцца на публіцы ў касцюмах-двойках са штанамі ў спалучэнні з атласным топам або блузкай, але сукенкі ў Святланы таксама сустракаюцца. Асаблівай любоўю ў яе карыстаюцца «футаралы» з неглыбокім дэкальтэ.
Фаварыты Ціханоўскай — сукенкi ангельскага брэнда Karen Millen. Калі вам спадабаўся чорны ўбор гэтага брэнда, якi Святлана апранала на сустрэчу з прэзідэнтам Славакіі, то рыхтуйцеся раскашэліцца. Аматарам класічнай моды ён абыдзецца ў 342 даляры без уліку знiжкі.

Яшчэ адна сукенка — шэрая ў клетку, імаверна, магла быць пашытая на замову. Яна амаль адзін у адзін падобная да мадэлі вядомага моднага дома і адрозніваецца ад сукенкі з сайта толькі адкатам рукава. Мы не можам вызначыць кошт пашыву, затое ведаем цану рэчы ад Karen Millen. Цяпер сукенка ў клетку знята з продажу, але ў белым колеры такая каштуе 394 даляры без уліку зніжкі.

Што тычыцца гарнітураў са штанамі, то частка з іх таксама вырабленая на замову, а частка — набытая ў літоўскім буціку Capsule Style Room. Пра гэта ў сваім інтэрв'ю згадвае ўладальніца крамы і, па сумяшчальніцтве, стылістка, якая распрацоўвала імідж палітыка, — Таццяна Чаеўская.

Па-за пратакольнымі сустрэчамі Святлана выглядае расслаблена і аддае перавагу нефармальнаму кэжуалу. У яе ёсць некалькі футболак з мудрагелістымі прынтамі вытворчасці беларускіх брэндаў. Напрыклад, цёмна-шэры строгі касцюм лідарка разбаўляе футболкай з калекцыі «Разам» брэнда 10 Motifs. Актуальны кошт такой — 50 еўра.

Прынтаваную цiшотку беларускага брэнда TRSK (адна з яго заснавальніц — баскетбалістка Кацярына Сныціна) Ціханоўская надзела на сустрэчу арганізацый, якія дапамагаюць Украіне. На фота можам разгледзець майку «Паказальнік» коштам 25 еўра.

Часам у луках Ціханаўскай можна сустрэць мерч айчынных некамерцыйных арганізацый. Напрыклад, майку з лагатыпам Беларускага моладзевага хаба Святлана надзявала на нефармальную сустрэчу з беларускімі музыкамі. Такую можна было набыць зімой, каб падтрымаць тым самым моладзевы праект.

У гардэробе Святланы ёсць і спартыўныя рэчы — напрыклад, касцюм ад вядомай беларускай дызайнеркi Вольгі Кардаш. Адзенне з гэтай двойкі можна купіць паасобку: чорная байка з вышытым буселам абыдзецца аматарам айчыннай моды ў 119 еўра, а штаны — у 73 еўра.

Яшчэ адзiн світшот, які нам удалося знайсці ў шафе лідаркі, таксама зроблены брэндам TRSK. Мадэль «Тры чарапахі» абыдзецца аматарам спартыўнага адзення ў 50 еўра.

Мы не маглі абысці ўвагай аксесуары. Так, уборы Ціханоўскай часта ўпрыгожвае сярэбраны кулон «Беларусь» вядомага брэнда BelaruskiCry. Актуальная цана такога на сёння складае 55 даляраў.

Мяркуючы з інстаграма палітыка, Святлана карыстаецца Apple IPhone Pro 13 ці 14 мадэлі. Аматарам тэхнікі за такі тэлефон давядзецца аддаць каля 1400 еўра.

Паводле слоў стыліста палітыка, усё адзенне было набыта на грошы суайчыннiкаў, якія падтрымалі Ціханоўскую на старце. Некаторыя з рэчаў былі дасланыя ў падарунак і пасля адабраныя іміджмэйкерам для далейшай стылізацыі.
Так ці інакш, за тры гады працы палітыку ўдалося стварыць просты і запамінальны вобраз, які ніколькі не саступае вобразам яе міжнародных калег.
Чытайце таксама:
10 сукенак беларускіх брэндаў, якія выратуюць у летнюю спёку
З'явілася калекцыя ўпрыгажэнняў, грошы ад продажу якой пойдуць на падтрымку палітвязняў
Каментары