Гісторыя2121

Мір, сяброўства, сэкс: як у Еўропе суіснавалі старажытныя паляўнічыя і земляробы

Навукоўцы зладзілі маштабнае даследаванне генетыкі жыхароў неаліту.

Навукоўцы з Медыцынскай школы Гарварда і аднаго з інстытутаў Таварыства Макса Планка правялі маштабнае даследаванне ДНК старажытных насельнікаў Еўропы.

Аказалася, што на працягу тысяч гадоў першабытныя паляўнічыя і першыя земляробы жылі побач і зрэдку абменьваліся генамі. Але навошта наогул нашым продкам спатрэбілася мяняць лад жыцця і ўзвальваць на сябе цяжар земляробства і аселага жыцця?

У поце чала твайго будзеш есці хлеб

Прыкладна 12,5 тысячы гадоў таму на тэрыторыі сучаснай усходняй Турцыі людзі пачалі вырошчваць збожжа — пачалася так званая «неалітычная рэвалюцыя». Гэта было, як пішуць некаторыя сучасныя навукоўцы, напрыклад, ізраільскі гісторык, аўтар бестселера «Sapiens: кароткая гісторыя чалавецтва» Юваль Ной Харарэ, даволі дурное рашэнне.

Невялікія і мабільныя групы паляўнічых-збіральнікаў пару гадзін на дзень трацілі на здабычу ежы, яшчэ гадзінку — на тое, каб зрабіць ці адрамантаваць адзенне і прылады працы, а астатні час весяліліся як маглі.

Сілкаваліся яны багата і разнастайна: мяса, плады, карэнні, арэхі, грыбы, рыба. Калі адзін элемент іх рацыёну па нейкіх кліматычным прычынах знікаў, то ён проста замяняўся іншым — паўнацэннага голаду яны не ведалі. 

Земляробы ж патрапілі ў пастку. Яны сталі залежаць ад аднаго-двух прадуктаў (напрыклад, ад вікі і ячменю) — і ў выпадку неўраджаю галадалі.

Яны значна горш сілкаваліся, чым іх продкі-збіральнікі, былі ніжэйшыя ростам і менш жылі. Працаваць ім даводзілася ад рана да рана кожны дзень. Жылі яны асела і вельмі цесна, ды яшчэ і з хатнімі жывёламі, таму ў іх пачаліся эпідэміі. Перайсці на іншае месца ў выпадку канфлікту з суседзямі яны таксама не маглі: раллю не кінеш. Таму ім прыйшлося абараняцца са зброяй у руках, будаваць сцены, прыдумляць спадчынны воінскі клас і карміць яго непасільнымі падаткамі.

Усім самым жахлівым у нашай гісторыі — дзяржавай, рэлігіяй, арыстакратыяй, горадам, голадам і пошасцю — мы абавязаны неалітычнай рэвалюцыі.

Тут вельмі важна спыніцца і паўтарыць яшчэ раз: першыя земляробы жылі горш за паляўнічых і збіральнікаў. Навукоўцы прыйшлі да гэтай высновы, даследуючы колькасць часу, якую марнуюць на пошукі ежы сучаснасныя паляўнічыя і збіральнікі, — і атрымалася, што

нават у абарыгенаў Аўстраліі і бушменаў Калахары застаецца нашмат больш вольнага часу, чым у менеджараў мегаполісаў.

Другі неабвержны доказ — сярэдні рост людзей. У мезалітычных пахаваннях паляўнічых і збіральнікаў, якім не даводзілася здабываць хлеб у поце чала свайго, ён у сярэднім большы, чым у першых сялян.

На поўнач ад раю

Самыя першыя земляробы жылі ва Усходняй Анатоліі, амаль на мяжы цяперашніх Турцыі і Сірыі. Там жа знаходзіцца адзін з першых храмавых комплексаў — Гёбеклі-тэпе, аграмаднае мегалітычнае збудаванне.

Харарэ ў кнізе «Sapiens: кароткая гісторыя чалавецтва» выказвае цікавае меркаванне: магчыма, гэта не першым земляробам раптам спатрэбіўся храм, а наадварот.

Калі людзям спатрэбіліся культавыя будынкі, яны зразумелі, што ўтрымліваць вялікую колькасць будаўнікоў, якія жывуць на адным месцы, паляваннем і дзікімі пладамі і карэньчыкамі немагчыма.

Тады яны пачалі сеяць ячмень — ну і трапілі ў залежнасць ад яго. Іншымі словамі, не чалавек прыручыў злакі, а пшаніца і ячмень надзелі на яго «ланцуг» і прывязалі да зямлі.

Адным з пабочных эфектаў неалітычнай рэвалюцыі стаў выбухны рост насельніцтва.

Паляўнічыя і збіральнікі кантралявалі нараджальнасць і заводзілі дзяцей, толькі знаходзячыся ў сітуацыі міру і багацця. А вось першым земляробам трэба было як мага больш рабочых рук, і іх жанчыны нараджалі кожны год. Лішак насельніцтва трэба было кудысьці падзець, таму першыя аратыя рушылі ў шлях і за некалькі тысяч гадоў засялілі Еўропу і Пярэднюю Азію.

Як Еўропу заразілі земляробствам

Фота: Institute of Archaeology RCH HAS / MTA BTK / Balázs Mende.

Адны нашчадкі першых земляробаў скіраваліся на ўсход, пабудавалі першы ў свеце горад Ерыхон і засялілі ўрадлівую раўніну паміж Тыграм і Еўфратам. Другія адправіліся на захад, засялілі Малую Азію, перайшлі Басфор і пачалі сваё падарожжа па Еўропе.

Чым далей яны ішлі на поўнач, тым цяжэй ім даводзілася і тым павольней яны прасоўваліся. У сучаснай Грэцыі азіяцкія неалітычныя аратыя апрацоўвалі зямлю прыкладна дзевяць тысяч гадоў таму, а ў Скандынавіі і на Брытанскіх выспах — на тры тысячы гадоў пазней.

Фізікі з Універсітэта Жэроны (Іспанія) паказалі яшчэ ў 2011 годзе рэактыўна-дыфузійную мадэль, якая тлумачыць, чаму старажытныя земляробы так хутка засялілі зручныя, блізкія і цёплыя землі Паўднёвай Еўропы і чаму яны так доўга, тры тысячы гадоў, ішлі і ішлі на поўнач. Даследаванне было апублікавана ў New Journal of Physics, прычым некалькі разоў. Каталонскія навукоўцы дактары Неус Ізерн і Жуакім Форт вывучалі гэтую тэму некалькі гадоў. Яны склалі раўнанне, якое падыходзіць для любога працэсу пашырэння любога віду ва ўмерана-варожым асяроддзі. Гэта каштоўнае раўнанне, якое тэарэтычна можа быць ужыта не толькі да неалітычных аратаяў, але і, дапусцім, да працэсу, падчас якога шэрыя пацукі-пасюкі цалкам выцеснілі ў Еўропе чорных пацукоў, больш злосных, але горш арганізаваных. Або да любой іншай інвазіі.

У выпадку ж з людзьмі, у якіх ёсць мозг і несмяротная душа, варта ўлічваць і іншыя важныя рэчы. Як даказалі, напрыклад, брытанскія навукоўцы з Кембрыджа, аратыя хутчэй засялілі рачныя даліны і марскія берагі, бо па вадзе або па беражку ісці больш прыемна і хутка, чым праз страшныя непраходныя нетры. У рэшце рэшт, дагістарычныя еўрапейскія лясы былі не вельмі падобныя на цяперашнія вычышчаныя паркі і больш нагадвалі тайгу.

Ну і самае галоўнае: матэматычныя раўнанні каталонскіх фізікаў не ўлічваюць адну простую рэч. На поўначы — холадна. На поўначы дрымучыя лясы, у якіх жывуць мядзведзі і неабачлівыя гультаяватыя паляўнічыя-збіральнікі, вышэйшыя ростам, мацнейшыя, узброеныя не горш

(у першых земляробаў, нагадаем, былі тыя ж самыя каменныя сякеры, што і ў паляўнічых, — медзь і бронза з'явіліся нашмат пазней). Адабраць у іх лес не так ужо і лёгка. Ды і зямля там горшая. Людзі пачалі сеяць хлеб на Брытанскіх выспах і ў цяперашняй Швецыі толькі тады, калі скончылася зручная зямля на Балканах, на Пірэнейскім паўвостраве, у Італіі, у цяперашняй Францыі і Паўднёвай Германіі, гэта значыць калі іх адтуль выгналі. Гэты працэс, відавочна, і заняў тры тысячы год.

Калі Адам араў, а Ева прала

А што ж пры гэтым адбывалася з паляўнічымі, калі земляробы пачалі захопліваць іх лясы і лугі?

Тут важна разумець, што, мяркуючы па генетычных даследаваннях, земляробства не распаўсюджвалася як тэхналогія, якую пераймалі б паляўнічыя, апранутыя ў звярыныя футры. Замест гэтага распаўсюджваліся самі земляробы, захопліваючы Еўропу, як хваробатворныя бактэрыі ці грыбы-паразіты захопліваюць цела. Генетычна ўсе носьбіты першых неалітычных культур у Еўропе — сваякі, усе яны нашчадкі тых людзей, якія першымі пачалі сеяць збожжа на цяперашняй турэцка-сірыйскай мяжы. І пытанне, якое доўга стаяла перад навукоўцамі — гісторыкамі і археолагамі: куды, уласна, дзеліся еўрапейскія паляўнічыя?

Земляробы скарысталіся колькаснай перавагай (у іх, нагадаем, была значна вышэйшая нараджальнасць і іх магла пракарміцца значна большая колькасць з гектара зямлі) і проста ўсіх перарэзалі? Заразілі небяспечнымі хваробамі, якія самі падхапілі ў хатніх жывёл? Узялі ў рабства і змусілі працаваць на сябе?

Усё гэта цяжка высветліць, бо пісьмовых крыніц, зразумела, ніякіх няма, а на адной археалогіі далёка не з'едзеш. І тут ўступаюць у справу генетыкі з магутнай міжнароднай каманды: Венгерская акадэмія навук, Гарвардская медыцынская школа і Інстытут чалавечай гісторыі Макса Планка. Яны даследавалі геном старажытных аратых у розных частках Еўропы: у Іспаніі, на сярэдняй Эльбе ў цяперашняй усходняй Нямеччыне і ў Карпацкім басейне, на ўрадлівай Панонскай раўніне (цяпер гэта Венгрыя).

Яны даследавалі геном у ста васьмідзесяці старажытных людзей, якія жылі ў 6000—2200-м гадах да нашай эры (прычым сто трыццаць з іх былі апублікаваныя ўпершыню), і параўналі іх з ужо расшыфраванымі геномамі еўрапейскіх паляўнічых-збіральнікаў. Аказалася, што ў неалітычных земляробаў — прыхадняў з Усходу — і ў аўтахтонных паляўнічых ёсць роднасныя сувязі.

Спачатку іх было не вельмі шмат, але з цягам часу станавілася ўсё больш і больш. Прычым яны ёсць практычна выключна з мясцовымі «дзікунамі»: у старажытных аратых з Іспаніі выяўляюцца агульныя гены з паляўнічымі са стаянкі Бранья там жа, на Пірынейскім паўвостраве, але не з паляўнічымі сярэдняй Эльбы.

Высновы тут робяцца наступныя: на працягу тысячагоддзяў першыя еўрапейскія земляробы суіснавалі са сваімі суседзямі — паляўнічымі і збіральнікамі. Часам яны, мабыць, жаніліся з прыўкраснымі дзікункамі або, наадварот, станавіліся ахвярамі набегаў і згвалтаванняў — як яшчэ можна растлумачыць паляўнічыя гены ў неалітычных сялян?

Але ўсё гэта працягвалася вельмі доўга, таму ніякай татальнай вайны, эпідэміі і іншых спосабаў канчатковага вырашэння пытання аўтахтоннага насельніцтва Еўропы не было. Мір, сяброўства, зрэдку сэкс з суседзямі.

У адных пры гэтым — тысячагоддзі цяжкай працы на палях, монафагічная дыета (гэта калі ядуць у асноўным адзін прадукт, без усякай разнастайнасці) і ранняя смерць ад ператамлення і недаядання, а ў іншых — свабода, разнастайная дыета, мора вольнага часу і ранняя смерць у кіпцюрах мядзведзя. І так ажно да прыходу арыяў з іх быдлам, вазамі, індаеўрапейскай мовай і новымі ваеннымі тэхналогіямі.

Каментары21

Цяпер чытаюць

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Дызайнер прыдумаў новы беларускі інтэр’ерны стыль — беландзі. Што гэта такое?7

Ці ведаеце вы, у якіх крамах можна выбраць беларускую мову на касе самаабслугоўвання?7

Маск загадаў усім федэральным чыноўнікам ЗША справаздачыцца, што яны робяць, або звольніцца21

Беларуску затрымалі ў Пецярбургу «за абразы Лукашэнкі»5

У Нямеччыне пачаліся датэрміновыя выбары ў Бундэстаг, якія прывядуць да змены ўлады4

Звесткі Пентагона абвяргаюць заявы Трампа, што ЗША выдзелілі Украіне $350 млрд8

Шарэнда-Панасюк патлумачыла, чаму ў зняволенні адмаўлялася ад тэлефонных званкоў дадому5

Каманда Трампа ўпэўнена, што зможа скончыць вайну на наступным тыдні17

«Рэдказямельныя металы, нафта, і ўсё, што зможам атрымаць»: Трамп заявіў, што яшчэ хоча замест «укладзеных ва Украіну грошай»23

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць