Дыяспара беларусаў Бельгіі і «Місія Ігара Вітэнка» набылі пікап для Палка Каліноўскага. Прывёз яго асабіста бельгійскі прынц Мішэль дэ Лінье, а каліноўцы забралі аўтамабіль з украінскага замка, паведамляе Полк.

9 верасня ў маленькім горадзе Збараж Тэрнопальскай вобласці Украіны адбылася ўрачыстасць: у гарадскім замку валанцёры перадалі машыны хуткай дапамогі ўкраінскім шпіталям і вайсковым падраздзяленням, а Палку Каліноўскага — пікап і FPV-дроны.
Арганізацыя, дзякуючы якой усё адбылося — «Місія Ігара Вітэнкі». Гэта НКА, якая падтрымлівае Украіну, збіраючы ахвяраванні на набыццё медыцынскага абсталявання, гуманітарнай дапамогі і інш. Ігар Вітэнка — украінскі хірург. Ён 25 гадоў жыў у Бельгіі, аднак адразу пасля пачатку поўнамаштабнай вайны вярнуўся ва Украіну, каб лячыць параненых. Пазней ён заснаваў вышэйзгаданую місію, дзякуючы якой ва Украіну ўжо даставілі вялікую колькасць аўтамабіляў. А дзякуючы беларускай дыяспары ў Бельгіі дапамогу ўжо другі раз атрымалі і мы.
Пікап — гэта добра. Але прычым тут бельгійскі прынц?
Месца сустрэчы было абранае не выпадкова. Некалькі стагоддзяў таму горад Збараж і бліжэйшыя вёскі належалі бельгійскаму Дому Лінь. Гэта адзін з найстаражытных дваранскіх родаў Бельгіі, згадкі пра які ў гістарычных крыніцах сустракаюцца з XII стагоддзя. Збаражскі замак, дзе і прайшла ўрачыстасць, таксама, зразумела, некалі належаў Дому Лінь.
Прынц Мішэль дэ Лінье, згаданы ў пачатку гэтай гісторыі — спадчыннік Дома Лінь. Яму 73 гады і ён ужо 14-ы прынц гэтага Дому. Гэта першы ягоны візіт ва Ўкраіну ў рамках гуманітарнай місіі. Прынц Мішэль мае значны ўплыў на бельгійскую палітыку па дапамозе Украіне, а Дом Лінь у наш час — адна з самых уплывовых сем'яў у Бельгіі.

Як патлумачыла ўдзельніца місіі, беларуская валанцёрка Галіна Мацюшына, прынц даўно жадаў наведаць Збаражскі замак. І гэтая магчымасць з'явілася, але фактычна выпадкова: у прынца Мішэля і Ігара Вітэнкі знайшоўся агульны сябар, які іх і пазнаёміў. Гэты сябар — бельгійскі граф, які сам неаднаразова дапамагаў Украіне.
Далей падзеі развіваліся хутка: спачатку кіраўнік Збаражскай тэрытарыяльнай абшчыны Раман Палікроўскі разам з дэлегацыяй наведаў рэзідэнцыю Дома Лінь у Бельгіі. А зараз ужо сам прынц Мішэль дэ Лінье прыбыў ва Украіну.
Ехаў прынц на машыне, грошы на якую сабрала дыяспара беларусаў Бельгіі і «Місія Ігара Вітэнка». Кіроўцам быў сябар прынца барон Бернард дэ Гершалем. Вось і атрымліваецца, што пікап для Палка Каліноўскага даставіў асабіста бельгійскі прынц і барон.

Ва ўнутраным двары замка ў якасці ганаровай варты стаяць навучэнцы Тэрнопальскага вайсковага Каледжа. Побач размясціўся невялікі аркестр. Каля цэнтральнага ўваходу ў замак выстаўлены машыны, а побач з імі знаходзяцца ўдзельнікі місіі, мясцовыя пасадоўцы і госці. Сам замак адрэстаўраваны ў 2019-м і за яго станам відавочна сочаць. За стагоддзі ён некалькі разоў перабудоўваўся, а ў савецкія часы прыйшоў у запусценне. А зараз сустракае нашчадка былых гаспадароў.

Перад пачаткам мерапрыемства ў нас адбылася адна нечаканая сустрэча. Да камандзіра Палка Каліноўскага «Дзядзькі» падышоў прывітацца мясцовы каталіцкі святар. Святар убачыў бел-чырвона-белы патч на плячы Паўла Шаурмея ды моцна зарадаваўся, калі ўпэўніўся, што мы беларусы. У гутарцы высветлілася, што айцец Давід у 2000-х гадах служыў у Санктуарыі горада Будслаў, што знаходзіцца ў Менскай вобласці. Сам ён украінец, але любіць і паважае Беларусь. Пра Полк Каліноўскага ведаў нямала і быў моцна здзіўлены, калі зразумеў, што гаворыць з камандзірам падраздзялення. Мы крыху паразмаўлялі, абмяняліся ўспамінамі пра Будслаўскі Фэст і адправіліся далей.

Падчас самога мерапрыемства ўкраінскім вайскоўцам і медыкам было перададзена тры аўтамабілі хуткай дапамогі, напоўненыя медыцынскім абсталяваннем. Два з іх адразу адправяцца на фронт, а адзін да мясцовай ТРА. Палку Каліноўскага перадалі пікап і 7 FPV-дронаў. Агулам гэта ўжо соты аўтамабіль, перададзены Украіне з пачатку поўнамаштабнай вайны ў рамках гуманітарнай «Місіі Ігара Вітэнкі».
Так а што за пікап?
Пікап Nissan Navara. Гэта ўжо другі раз, калі беларуская дыяспара Бельгіі нам дапамагае. У траўні гэтага года яны таксама, сумесна з «Місіяй Ігара Вітэнкі», перадалі нам пікап і дроны.
Ужо вярнуўшыся са Збаража мы выявілі, што ўнутры пікапа нас чакаў яшчэ адзін сюрпрыз: беларуская дыяспара Бельгіі перадала Палку Каліноўскага некалькі каробак з падарункамі.
Полк імя Кастуся Каліноўскага выказвае сваю падзяку кожнаму, хто дапамагае нам. Ваш уклад у агульную справу важлівы і толькі разам мы зможам перамагчы!


Каментары