Беларусь павялічвае экспарт солі ў Польшчу, нягледзячы на санкцыі
Паводле звестак польскіх вытворцаў, летась Беларусь магла паставіць у Польшчу больш за 100 тысяч тон вываранай, каменнай і харчовай солі. Аб'ёмы экспарту пакуль не дасягаюць даваенных, аднак працягваюць расці. Гэта можа прыносіць беларускаму бюджэту мільёны даляраў, піша Thinktanks.by на аснове інфармацыі польскай прэсы, атрыманай ад гульцоў мясцовага рынку.

Беларуская соль пастаўляецца пераважна купцам з Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, а найбуйнейшым рынкам рэгіёну з'яўляецца якраз Польшча.
У 2021 годзе экспарт беларускай солі ў Еўрасаюз, паводле даных Еўрастата, склаў каля 774 тысяч тон. З пачаткам вайны аб'ёмы зменшыліся да прыкладна 255 тыс. тон.
Поўных даных за мінулы год пакуль няма, але за першыя 11 месяцаў экспарт беларускай солі толькі ў Польшчу склаў больш за 64 тыс. тон. Больш за тое, зімой з-за павелічэння попыту на соль з боку дарожнікаў у гэтай краіне рэзка павялічваецца імпарт. Польскія гульцы рынку мяркуюць, што ў 2023 годзе агульная колькасць паставак солі з Беларусі перавысіць 100 тысяч тон.
«Беларуськалій» і «Мазырсоль» карыстаюцца тым, што санкцыі ўведзеныя супраць не ўсіх відаў прадукцыі прадпрыемстваў. Так, Еўрасаюз не ўводзіў санкцыі супраць харчовай солі — асноўнага віду прадукцыі «Мазырсолі». Найбуйнейшы беларускі вытворца солі «Беларуськалій» знаходзіцца пад санкцыямі Еўрасаюза, аднак «Мазырсолі» ў абмежавальным спісе няма.
Польскія вытворцы сцвярджаюць, што абедзве кампаніі актыўна супрацоўнічаюць у абыходзе санкцый: соль, вырабленая на «Беларуськаліі», змешваецца з мазырскай і пад брэндам апошняй трапляе на польскі рынак.
Польскія прадпрыемствы звяртаюцца да ўрада з просьбай увесці санкцыі супраць «Мазырсолі». Аднак дамагчыся гэтага будзе няпроста, паколькі Брусель неахвотна ўводзіць абмежаванні ў дачыненні да паставак харчовых прадуктаў.
Каментары