Мова33

«Мая маці хоча новую краіну, яна разумее, што дзеля гэтага трэба пачаць з сябе». Дзяўчына расказала, як яе маці прыйшла да беларускай мовы

«Няглядзячы на мае нялёгкія стасункі з матуляй, я вельмі яе люблю і паважаю. І сёння хачу напісаць пра беларусізацыю маёй маці, каб потым вы не казалі, як вам «цяжка перайсці з расейскай», — падзялілася ў твітары сямейнай гісторыяй дзяўчына Аляксандра. 

Мая маці амаль усё сваё жыццё лічыла сябе ці то рускай, ці то полькай. У яе матулі было польскае прозвішча ад бацькі, які ніколі не распавядаў амаль нічога пра сваё дзяцінства, а баця быў Іваноў.

Сама яна нарадзілася на тэрыторыі Беларусі, але пайшла ў першы клас у Расіі. Потым яе матуля зноў пераехала ў Беларусь, і дзяўчынцы прыйшлося пайсці ў беларускую школу. Канешне, гэта савок, таму ўсё было на расейскай, але заняткі беларускай мовы і літаратуры таксама былі.

Маці жыла ў маленькай вёсцы і хадзіла ў школу ў суседнюю. Тады асабліва не было магчымасці ездзіць у Менск часта патусіць, таму тусіць трэба было ў мясцовых клубах. Там яна арганізоўвала розныя мерапрыемствы на святы, пісала ад рукі сцэнары на калядкі. Канешне, прыходзілася пісаць сцэнары і на беларускай. Так матуля і вывучыла беларускую мову.

Яна хацела паступаць у Менск на акторку. Вельмі палюбіла за той час Быкава, чытала яго на расейскай і беларускай мовах. Пасля каледжа яна стала настаўніцай тэатральнага гуртка, вельмі любіць працаваць з дзецьмі.

Яна ніколі не лічыла сябе беларускай, хаця ведала беларускую лепей за майго тату, які нарадзіўся і жыў у Менску.

Яна часта гаварыла, што не ведае, хто яна, а калі быў перапіс, гаварыла з усмешкай, што яна ніхто.

Што тычыцца перапісу, то здаецца, што яна нават кожны раз адказвала па-рознаму, проста таму, што чаму не. Памятаю, як на Новы год пераключала на Пуціна. Не праз любоў да яго, а проста таму што рускі і «напэўна, лепей на яго глядзець, чым на вусатага», хаця гэта было даўно… Напэўна, таму, што ёй было лягчэй асацыявацца з гэтым сусветам, бо польскай мовы яна не ведала, хаця заўсёды хацела вывучыць.

Не ведаю чаму так, але калі я пачала пісаць па-беларуску, то хвалявалася, што маці адрэагуе агрэсіўна. Можа, таму, што сама не разумела да гэтага, навошта беларуская мова.

Да 2018 года мне было нават цяжка чытаць на беларускай, настолькі ў нашай сям'і яе не было.

Тады маці больш хвалявала не беларуская мова, колькі маё жаданне выказваць сваю пазіцыю, палітычныя погляды. Гэта толькі даказвала, што гэта трэба рабіць. Калі я пайшла на БНР-101, сказала ёй толькі пасля таго, як схадзіла. Тады яна нічога не сказала.

У чэрвені 2020 года гэта яна сказала мне ісці на адну з першых чэргаў і абуць яе красоўкі, каб было зручней. Тады яна пачала чытаць навіны на беларускай і пыталася ў мяне пра нейкія словы. 

Ёй важна было ўсё зразумець, але жадання перайсці на беларускую мову не было.

Год таму я цалкам перайшла на беларускую у сацсетках, а калі пачалася вайна, то і ў жыцці. 

Каля я вярнулася ў Кіеў тры месяцы таму, яна патэліла мне. На той час я вельмі звыклася гаварыць на беларускай, расейскія словы не лезлі ў галаву. Я спытала, ці магу я перайсці. Яна вельмі здзівілася, як хутка я размаўляю. Я памятаю, як у яе вачах змянілася. 

Скажу адразу, у яе былі пытанні «А чаму?» А ў мяне было абсалютна нуль жадання слухаць пра тое, што мая родная мова расейская, я адказвала «мне цяпер так зручна». 

Тут мы з ёй на адной хвалі — калі адбываюцца такія рэчы, мы праводзім час моўчкі і ў рэфлексіі.

Таму што калі я ў жыцці ўпершыню пачула беларускую мову, я таксама думала «навошта» і «чаму». І я вельмі радая, што ніколі не выказвала гэтага ўслых, а пайшла шукаць адказы сама.

Зараз маці ўсё часцей адказвае мне на беларускай мове. З памылкамі, але часам я нават не чакаю, што яна мне адкажа на беларускай, думаю, чаму яна так доўга адказвае. І прыемна кожны раз, як у першы.

Мой малодшы брат пайшоў у трэці клас, зараз яны вывучаюць беларускую мову разам. Яна заўсёды распавядае пра яго поспехі, а на кухні на сцяне вісяць паперкі з беларускімі словамі. Апошні раз яна сама першая напісала на беларускай.

Навошта я ўсё гэтае распавядаю? Таму што я думаю, што калі чалавек паважае культуру, можа не адразу, але з часам ён ці яна пускае яе ў сваё жыццё і не знаходзіць адгаворак.

Для мяне самае цікавае, што ў нас амаль не было размоў ні пра мовы ў Беларусі, ні пра палітыку. Усё гэта звычайная рэакцыя на тое, што адбываецца вакол.

Мая маці хоча новую краіну, яна разумее, што дзеля гэтага трэба пачаць з сябе.

Зычу вам больш людзей у жыцці, якія могуць упадаць у рэфлексію і не заплюшваюць вочы на тое, што адбываецца вакол.

Каментары3

  • Пціч
    15.09.2022
    Хоць хтосьці...
  • Янка-музыка
    16.09.2022
    Калі за мяжой вы будзеце размаўляць па-беларуску і я гэта пачую, я абавязкова падыйду да вас каб пазнаёміцца! Бо я ўбачу родную душу ў іншаземнымі свеце! А калі я чую расейскую я праходжу далей, робячы выгляд быццам я не разумею. Прабачце, але я баюся! І я маю на гэта права! Я шукаю бяспечных знаёмстваў! Гэта не русафобія! Гэта жаданьне знайсьці роднага чалавека сярод незнаёмых! Калі вы за мяжой размаўляеце па-беларуску гэта знімае ўсе пытаньні наконт таго кім вы з'яўляецеся! Вы беларус, а гэта гучыць моцна! Размаўляйце на мове! Яна цудоўная!
  • Аляксей
    16.09.2022
    Пціч, я ведаю дзесьці з 5 такіх жа прыкладаў. Людзі самастойна перайшлі на беларускую мову пасля гэтых падзей. Цудоўна!

Цяпер чытаюць

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч1

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Усе навіны →
Усе навіны

Галоўчанка наведаў заапарк ва Угандзе ФОТА7

Новым канцлерам Нямеччыны стане Фрыдрых Мерц17

Прапагандыстаў абурыла слова «беларусы» на майках Mark Formelle36

«Трамп, як і Пуцін, хацеў бы перадзелу межаў». А амерыканскія кансерватары ідэалізуюць рэжым Пуціна як левыя ў свой час — Сталіна13

У Жодзіне з’явілася першая ў краіне кавярня-будка2

Зяленскі: Я гатовы пакінуць сваю пасаду, калі гэта прынясе мір Украіне25

СБУ выкрыла больш за 100 агентурных сетак. Расійскія агенты планавалі забіць Зяленскага, Буданава і кіраўніка самой СБУ2

Прэпараты ад алергіі, якія ўжываюць мільёны людзей, могуць павялічваць рызыку дэменцыі — вучоныя2

На будынку віленскай друкарні Скарыны з'явіўся чарговы правакацыйны надпіс ФОТА10

больш чытаных навін
больш лайканых навін

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч1

Стала вядома пра арышт журналісткі Паліны Піткевіч

Галоўнае
Усе навіны →

Заўвага:

 

 

 

 

Закрыць Паведаміць