Мазырскі НПЗ за тыдзень ліпеньскага ўрагану мог страціць 35 млн даляраў
На заводзе падлічылі страты ад ліпеньскай непагадзі, яны аказаліся вялікімі, піша «Флагшток».

Мазырскі НПЗ падлічыў страты, панесеныя падчас ліпеньскага ўрагану ў Гомельскай вобласці.
Прадпрыемства за тыдзень магло страціць да 35 млн даляраў.
«Раней за месяц (да сыходу завода ў страты ў пачатку 2024 года — заўв.) прыбытак МНПЗ мог складаць 20—30 млн даляраў, а цяпер за тыдзень налічылі 35 мільёнаў даляраў стратаў», — расказала інфармаваная крыніца.
У гэтую суму акрамя рамонтных работ увайшоў і прастой завода.
Мазырскі НПЗ нясе велізарныя страты з пачатку 2024 года. Сітуацыя пагоршылася пасля ўрагану, які пранёсся над тэрыторыяй Гомельскай вобласці 14 ліпеня 2024 года. Завод застаўся без электразабеспячэння з-за абвальвання лініі электраперадач. Падключэнне да альтэрнатыўных крыніц энергіі аказалася немагчымым з-за адключэння Беларусі ад энергасістэмы Украіны пасля ўварвання расійскіх войскаў з беларускай тэрыторыі.
Пазней стала вядома пра зніжэнне аб'ёмаў вытворчасці з-за блэкаўта, выкліканага абрывам ліній электраперадач. Цяпер жа наступствы змогуць адчуць на сабе і супрацоўнікі прадпрыемства. Кіраўніцтва МНПЗ нядаўна азнаёміла персанал з загадам, які прадугледжвае зніжэнне прэміі для работнікаў розных цэхаў прадпрыемства.
Каментары