Палітвязень Гундар за кратамі піша вершы, але іх не прапускаюць на волю
Палітвязень з Баранавіч, фігурант справы аб «тэрарызме ў складзе групы Аўтуховіча» Уладзімір Гундар, рэгулярна слаў сваякам у лістах вершы. Паводле блізкіх да сям’і Гундара крыніц, такіх вершаў яны атрымалі больш за 100. Але вось ужо восьмы месяц вершы ад Уладзіміра да сваякоў не даходзяць, піша «Радыё Свабода».

Апошні верш Гундара атрымалі ў лістападзе 2023 года, ён называўся «Любоў, надзея і вера».
…Напярэдадні целагрэечку атрымаў —
Плоць маю яна сагравае.
На дварэ восень глыбокая —
Дні кароткія і цёмныя.
Восень глыбокая і ў душы,
Але душа не прымае цемры.
Надзеяй жыве душа —
Душа вясны чакае.
Любоў, надзея і вера
Саграваюць душу мне.
Прычыны, чаму вершы Уладзіміра Гундара перасталі даходзіць на волю, ягоным родным невядомыя.
«Апошні верш прыйшоў з магілёўскай турмы, калі яго толькі туды перавялі з калоніі, летась у лістападзе. А потым лісты пачалі прыходзіць з перапынкамі, гэта сваякі па нумарах заўважылі. Прычым высветлілася, што не даходзяць менавіта тыя лісты, у якіх вершы. Тады ён мусіў перастаць пісаць вершы і ў выніку цяпер лісты даходзяць па парадку, але без вершаў», — паведаміла крыніца.
Краязнаўца з Баранавіч Уладзіміра Гундара асудзілі на 20 гадоў зняволення паводле чатырох артыкулаў Крымінальнага кодэкса, сярод якіх «замах на змову з мэтай захопу ўлады неканстытуцыйным шляхам» і «абраза прадстаўніка ўлады».
Сваёй віны Уладзімір Гундар не прызнаў, беларускія праваабаронцы ўключылі яго ў спіс палітычных зняволеных. Да суда Гундара, у якога няма адной нагі, трымалі ў некалькіх следчых вязніцах, у тым ліку ў карцары.
Адбываць пакаранне палітвязень пачаў у калоніі ў Бабруйску, адкуль летась яго перавялі на турэмны рэжым у магілёўскую турму № 4.
Пра ўмовы ўтрымання і здароўе Уладзімера Гундара вядома няшмат.
«Сядзіць у адзіночцы. Раз на месяц даюць званок. Даходзяць лісты. Піша пра кнігі, якія прачытаў, пра прыроду і надвор’е, успамінае былое жыццё. А пра здароўе не піша, бо не прывык скардзіцца. Тое, што яго пазбавілі магчымасці пісаць вершы, для яго вельмі пакутліва», — паведаміла крыніца пра Уладзіміра Гундара.
У 2023 годзе палітвязень Уладзімер Гундар за турэмны верш «У свеце, якім бы ён ні быў…» быў уганараваны прэміяй імя Францішка Аляхновіча, якой адзначаюцца літаратурныя творы, напісаныя ў зняволенні ці пра зняволенне.
Ад палітвязня Уладзіміра Гундара сталі рэгулярна прыходзіць лісты
Асуджанага на 20 гадоў Уладзіміра Гундара зноў на год пазбавілі прадуктовай перадачы
Палітвязень Уладзімір Гундар пяты месяц знаходзіцца ў камеры-адзіночцы
«Караеў асабіста прасіў суд пакараць мяне». Былы палітвязень-інвалід расказаў пра выпрабаванні за кратамі, Ашурка, Гундара і «маньякаў-ментоў»
Каментары