БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Шарэнда-Панасюк адказала Пазняку: Прапануйце сябе на месца палітвязняў

20.02.2025 / 18:45

Nashaniva.com

Былая палітзняволеная Паліна Шарэнда-Панасюк адказала вядомаму грамадскаму дзеячу Зянону Пазняку на выказаную ім у інтэрв'ю «Радыё Свабода» крытыку на яе адрас. Пазняку не спадабалася, што для таго, каб выйсці з турмы, жанчына падпісала фармальную згоду на супрацоўніцтва з КДБ. Тэкст адказу Паліны размясціў у фэйсбуку яе муж Андрэй Шарэнда.

Паліна Шарэнда-Панасюк пасля вызвалення. Фота: «Наша Ніва»

Паліна Шарэнда-Панасюк падкрэслівае, што «палітвязні — гэта закладнікі рэжыму Лукашэнкі», і пералічвае выпадкі, калі яны імі быць перастаюць:

«Зразумела, першыя тры варыянты нам не ўсміхнуліся. Беларускім закладнікам пакінулі толькі два апошнія. Выратаванне тапельцаў — справа рук саміх тапельцаў: перад такім фактам паставілі нас каты — памілоўка + інтэрв'ю + паперка аб супрацоўніцтве. Толькі так, адным пакетам. Ніякіх іншых варыянтаў», — піша Паліна.

Сваю паперу аб згодзе на супрацоўніцтва з КДБ яна напісала, як падкрэслівае,

«пад дыктоўку 24 снежня 2024 і 3 лютага 2025, не ў 2010-х, не ў 2021 ці 2023. Прайшоўшы 270 пачварных дзён тэрору ШІЗА, год ПКТ і дзясяткі пякельных этапаў. Ведаючы, што ані секунды не збіраюся быць «Эдэльвейсам», што маю імгненні на тое, каб уцячы з канцлагеру пад назвай РБ, рызыкуючы жыццём».

Пасля таго яна робіць Зянону Пазняку прапанову:

«Ёсць усё ж яшчэ адзін метад выратавання закладнікаў — калі хтосьці прапануе сябе на іхняе месца. У лукашысцкіх лагерах смерці засталіся Вікторыя Кульша, Вольга Маёрава, Алена Гнаўк.

Калі Лукашэнка такі міласэрны, калі прыслухоўваецца да вас — прапануйце сябе на іх месца. Паспытайце таго, праз што рэжым прапусціў іх. І тады, калі застанецеся жывыя, здаровыя, пры розуме, не ўзненавідзіце ўвесь свет, мы абмяркуем з вамі маральныя бакі пытання».

Нагадаем, што, крытыкуючы Паліну Шарэнду-Панасюк, Зянон Пазняк сказаў у тым ліку наступнае:

«Я хачу сказаць тым, якія сядзяць у турме. Калі б толькі яны мяне пачулі. Падпісваць можна любыя памілоўкі, усё, што яны там просяць. Таму што вас кінулі як закладнікаў, вас незаконна падставілі. І таму на гэта сур'ёзна не трэба звяртаць увагі, калі яны просяць там ім памілоўку напісаць. Грош цана гэтай памілоўцы. Галоўнае выйсці. Але яны вас не выпусцяць. Яны хочуць, каб вы падпісалі супрацоўніцтва з КДБ. Ніколі гэта не рабіце. Гэта табу. Гэта закон. Гэтага рабіць нельга».

Рабіць гэтага, на ягоную думку, нельга, бо:

«Вы ніколі ад іх не адкараскаецеся. Не разумеюць гэтага людзі. Гэта тактыка гэбэ. Дурні паўтараюць адзін аднаго ўвесь час».

Чытайце таксама:

Пазняк: «Я часта памыляўся ў людзях. Самы просты прыклад — Паліна Шарэнда-Панасюк»

Пазняк пра 1990-я: «Ніхто не зрабіў большай шкоды для нацыянальных інтарэсаў Беларусі, чым гэта істота». Пра каго ён?

Пазняк вітае магчымую здзелку «вызваленне палітвязняў» у абмен на санкцыі

Шарэнда-Панасюк адказала Пазняку пра яго ўдзел у яе вызваленні і Гарбуновай пра «бессэнсоўнасць барацьбы»

Каментары да артыкула