План Трампа па Украіне — найгоршы. За выключэннем усіх астатніх — Рудкоўскі
19.02.2025 / 0:51
На Мюнхенскай канферэнцыі ЗША прапанавалі Украіне спрэчную здзелку. Некалькі дзён пасля амерыканская дэлегацыя сустрэлася з прадстаўнікамі Расіі — на гэтых перамовах Украіны не было. Ці ёсць у Украіны магчымасць атрымаць лепшыя ўмовы міру для сябе? Ці план Трампа сапраўды «найгоршы, за выключэннем астатніх»? Разважае Пётра Рудкоўскі, філосаф, у мінулым — акадэмічны дырэктар BISS.
Пачнём здалёк. Чэрвень 2024 года. Адзін бельгійскі аналітычны цэнтр публікуе аналітычны рапарт «Адценні змроку. Сцэнарыі для Украіны і глабальны парадак».
Ну, публікаваннем сцэнарыяў па Украіне нікога не здзівіш. Яны з’яўляюцца як мінімум раз на квартал у найбольш вядомых think tanks (аналітычных цэнтрах — НН.). Калі дадаць менш вядомыя, то можа нават штомесяц, а то і часцей. Не гэта істотна.
Істотна тое, што той рапарт з чэрвеня мінулага года дае магчымасць паглядзець на перспектывы для Украіны (і рэгіёна) без гэтага дрэннага плана злога Трампа.
Аўтары там абазначаюць чатыры магчымыя сцэнарыі: перамога Украіны, перамога Расіі, зацягнутая вайна і палітычны кампраміс.
Адразу паясненне наконт першага сцэнарыя. Пад «перамогай Украіны» тут маецца на ўвазе ўсяго толькі вяртанне да меж да 24.02.2022 + перспектыва ўступлення ў ЕС і НАТА + дэмілітарызацыя Крыма. Само вяртанне Крыма ўвогуле не ўваходзіць у рахубу. Гэта сцэнарый, які правільней было б акрэсліць як «няпройгрыш Украіны» або «неперамога Расіі». Але хай будзе так: «перамога Украіны». Як-ніяк, ажыццяўленне нават такога сцэнарыя — гэта было б надзвычай выдатным сыходам.
Аўтары не займаюцца аналізам верагоднасці, яны таксама не аналізуюць, што было б патрэбна, каб такі сцэнарый мог здзейсніцца. Адзінае, што яны заўважаюць, што дзеля гэтага вайсковая дапамога Захаду мусіла б «значна ўзрасці» ва ўсіх вымярэннях: грашовым, тэхнічным, інфраструктурным і г.д.
Хоць я не ваенны эксперт, але перакананы, што адной матэрыяльнай дапамогі тут было б недастаткова. Патрэбна была б дапамога ў так званай «жывой сіле». Недастаткова таксама было б нашумелага, але насамрэч надзвычай асцярожнага дазволу «біць заходняй зброяй па тэрыторыі РФ» (на самой справе толькі ў Курскай вобласці і толькі ў абмежаваным аб’ёме). Патрэбны тут карт-бланш або амаль карт-бланш. Не памяшала б таксама на час усёй гэтай акцыі адключыць усенькі ядзерны арсенал Расіі, бо «самі панімаеце».
Ай, навошта я аж так далёка зайшоў. Можам узяць у дужкі ўсё тое, што ў папярэднім абзацы напісана пасля слоў «я не ваенны эксперт».
Дапусцім, што адзінае, што тут патрэбна — гэта інтэнсіфікацыя фінансава-ваеннай дапамогі. Тут і неэксперту ясна, што яна мусіла б:
- Вырасці ў разы,
- Стаць сістэматычнай і гарантаванай (бо гэта неабходна для доўгатэрміновага планавання, без якога няма сэнсу казаць пра «перамогу» або хаця б «няпройгрыш»).
Скажыце, вы бачылі хоць якія прыкметы інтэнсіфікацыі фінансава-ваеннай дапамогі Украіне? Не сімвалічнай дабаўкі, не збывання састарэлай тэхнікі, а паставак найноўшага ўзбраення, распрацоўкі інфраструктуры для эфектыўных паставак? Распрацоўкі плана А, Б і В на выпадак, калі Расіі ўдасца перашкодзіць пастаўкам па тым ці іншым напрамку?
А вось што я бачыў і бачу. У 2014 годзе, пасля анексіі Крыма, члены НАТА прынялі на сябе абавязак прызначаць як мінімум 2% ВУП на абарону. Прайшло 10 гадоў. У 2024 Расія адсвяткавала дзясятую гадавіну анексіі… ну, яны гэта называюць «вяртаннем» Крыма. Украіна адпакутавала два гады поўнамаштабнага ўварвання. І вось, генсек НАТА, на той час Столтэнберг хваліцца, што ажно 11 краін (!) ужо перайшлі гэты парог. Адзінаццаць з 31 (на той час)!
І ён, Столтэнберг, «спадзяецца», што астатнія краіны таксама пяройдуць (тут патрэбны эмацікон, на якім паказаная горкая ўсмешка).
«Дык тут жа гаворка пра ўнутраную абарону краін НАТА, прычым тут Украіна?», — скажа хтось. Вось жа гэта наўпрост звязана з Украінай, бо:
- Дэфіцыт або старэнне ўласнага ўзбраення азначае, што ў цябе менш магчымасцяў падтрымаць суседа-ў-бядзе; апрача таго, ты баішся даваць астатняе больш-менш новае ўзбраенне, бо думаеш: «А мала дзе што, а калі раптам мне самому спатрэбіцца?»,
- Фінансавую дапамогу суседу-ў-бядзе нашмат прасцей (і псіхалагічна, і бюракратычна) выдзеліць з абароннага бюджэту, а не ліхаманкава збіраючы па капейцы з дзясяткаў неабаронных бюджэтаў,
- Калі б усе члены НАТА прытрымліваліся прынятага на сябе абавязку 2% выдаткаў на абарону, то сумарны бюджэт краін НАТА быў бы штогод прыблізна на 70-80 мільярдаў долараў вышэйшы. Калі памножыць на 10 (гадоў), то гэта дае 700-800 мільярдаў. Такая квота і для расіян гучыць страшнавата, незалежна ад таго, ці гэтыя грошы пайшлі б на ўнутранае ўзбраенне членаў НАТА, ці як патэнцыяльная падтрымка для Украіны. І што ж, на працягу 10 гадоў абсалютная большасць членаў НАТА нават не парупілася выканаць гэты няшчасны абавязак 2%.
Не зрабілі гэтага нават пасля поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну. І цяпер вы скажаце, што вось-вось з дня на дзень яны ў разы павялічылі б фінансава-ваенную дапамогу Украіне (а гэта неабходная ўмова яе перамогі, хаця б адноснай)? Ага, ЗША пад кіраўніцтвам Байдэна або Харыс гэта зрабілі б? Не, не зрабілі б.
Дыспрапорцыя ў цяперашняй дапамозе ЗША і Еўропы настолькі агромністая, што хоць ты вушы пазатыкай усім амерыканскім падаткаплацельшчыкам. Каб мог здзейсніцца першы — адносна аптымістычны — сцэнарый, мусіў бы здзейсніцца навагодні цуд.
Цуд прыблізна такі: ад 1 студзеня 2025 года ўсе члены НАТА — хіба што за выключэннем Польшчы і ЗША — падымаюць выдаткі на абарону на 1-1,5% і цягам пары тыдняў выпрацоўваюць стратэгію рэгулярнай, сістэматычнай і гарантаванай фінансава-вайсковай дапамогі Украіне ў значна вышэйшым аб’ёме, чым раней. Стратэгію, у якой будуць план А, Б і В і ўлічаныя імаверныя рызыкі, без якіх тут ніяк не абыдзешся.
Цуду не здарылася, і Трамп тут ні пры чым. І цуду гэтага не здарылася б у 2026, і не здарылася б у 2027, і не здарылася б у наступныя гады. А гэта значыць… гэта значыць, што дзейнічаў бы іншы сцэнарый. Сцэнарый пад назвай «зацягнутая вайна».
Пётра Рудкоўскі. Фота: фэйсбук аўтара
Тут я даю слова экспертам CSDS, азнаёмцеся, калі ласка, уважліва: «Украінскія сілы ўсё больш знясіленыя і вычарпаныя, але працягваюць захоўваць баявы дух і гатоўнасць ваяваць. Да сярэдзіны 2025 года большасць аналітыкаў пачынае апісваць вайну як тупіковую сітуацыю, але ніводзін з бакоў не праяўляе цікавасці да перамоў.
Кадравы голад застаецца праблемай, змушаючы ўкраінскае палітычнае і вайсковае кіраўніцтва прасоўваць новую стратэгію мабілізацыі. Па меры таго як узрост навабранцаў — і колькасць страт — зніжаецца, стомленасць ад вайны ўзрастае. Уступленне ў NATO ізноў адкладаецца».
А што з Расіяй пры такім сцэнарыя? Вось што: «Нягледзячы на вялікія людскія страты і страты тэхнікі, Масква і расійскае грамадства ў цэлым застаюцца непахісна адданымі барацьбе. Вайскоўцы ўсё часцей ужываюць свае найноўшыя ракеты і авіяцыю для атакі важных ваенных аб’ектаў на тактычным і аператыўным узроўні.
У выніку ўкраінская супрацьпаветраная абарона становіцца ўсё менш эфектыўнай, а страты на полі бою — усё больш значнымі».
Канец цытаты. Гэта далёка не поўнае апісанне сцэнарыя, але працытаванага дастаткова, каб зразумець, наколькі ўсё дэпрэсіўна.
Панове і пані, спадары і спадарыні. Шмат хто з нас жыве рамантычным чаканнем, што вось, здарыцца нешта, і Пуцін, а з ім і Лукашэнка, апынаюцца ў Гаазе, Украіна вяртае ўсе тэрыторыі, Расія пакорліва выплачвае рэпарацыі, а ў Беларусі праходзяць свабодныя выбары. Як гэта зрабіць — няма плана. І яго не было. Ні ў Байдэна, ні ў Харыс, ні тым больш у еўрапейскіх чыноўнікаў.
Плана перамогі Украіны — хаця б адноснай перамогі — ніколі не было. Была пафасная рыторыка, але плана не было. Тое, што я напачатку назваў «планам Трампа» — рэч умоўная. Бо пакуль што ў публічнай прасторы маем толькі разрозненыя намёкі на план.
Магчыма, нават у блізкім атачэнні Трампа яшчэ яго няма, хутчэй за ўсё, ён у працэсе распрацоўкі. А нават калі ён ёсць, у поўным выглядзе не будзе прадстаўлены грамадскасці цяпер. На дадзены момант ясныя дзве рэчы, прынамсі для мяне:
- Амаль напэўна план будзе прадугледжваць саступкі з абодвух бакоў. У выпадку Украіны гэта будзе азначаць тэрытарыяльныя саступкі.
- Калі няма шанцаў перамагчы, кампраміс — лепшая опцыя, чым поўная перамога праціўніка або зацягванне вайны на чарговыя тры-пяць-дзесяць гадоў.
Ну і напрыканцы — як жа тут абмінуць «каронны аргумент»: любая саступка дыктатару-агрэсару вядзе да таго, што агрэсар пойдзе яшчэ далей і яшчэ далей.
Вось жа справа тут не ў саступках. Справа ў тым, як яны робяцца і якімі дзеяннямі суправаджаюцца. Гітлер не спыніўся на Судэтах не таму, што былі зроблены саступкі, а таму, што пасля саступак лідары заходне-дэмакратычнага блоку дэманстратыўна паціралі рукі і ўсімі сваімі дзеяннямі казалі: «Ну, цяпер можна расслабіцца! Вайна прайшла міма! Можам спакойна вяртацца кожны ў свой агарод і бавіцца кожны ў сваёй пясочніцы. Мы накармілі Гітлера на сто гадоў наперад, таму баяцца яго ўжо больш не трэба. Брава для нас, хітрых і ўмелых!». Вось гэта і было тым, што заахвоціла Гітлера да далейшай агрэсіі.
Не саступкі заахвоцілі, а расслабленасць заходніх эліт і адсутнасць рэальных намаганняў правесці буйную чырвоную рыску пасля гэтай саступкі.
Вяртаючыся ў наш час. З таго, што я чую, намёкі Трампа на непазбежнасць некаторых саступак суправаджаюцца іншым мэсэджэм. Напрыклад, патрабаваннем ад членаў НАТА павысіць расходы да 5% ВУП. Не думаю, што гэта адзіны пункт у плане па прадухіленню далейшай агрэсіі Пуціна.
Але нават калі б гэта быў адзіны пункт, то ўдумайцеся толькі: павышэнне абаронкі да 5% азначае, што сумарны абаронны бюджэт краін НАТА пачынае складаць раптам 2,4 трыльёны долараў. Увесь ВУП вялікай Расіі — 2,2 трыльёны. Пры такім абаронным бюджэце можна не толькі сябе эфектыўна абараніць, але пры неабходнасці ўзброіць да зубоў Украіну — і зрабіць гэта хутка і эфектыўна. Саступка саступцы розніца.
* * *
Пётра Рудкоўскі — былы акадэмічны дырэктар BISS (Беларускага інстытута стратэгічных даследаванняў), філосаф.
Чытайце таксама:
Чаго чакаць беларусам ад новага сусветнага парадку? Разважанні пра новую рэальнасць
Сталі вядомыя важныя ўмовы для мірнага пагаднення паміж Расіяй і Украінай
Разведка ЗША не бачыць у Пуціна зацікаўленасці ў рэальным мірным пагадненні па Украіне
Зяленскі: Мы ў самы складаны момант не прынялі ультыматуму. Не прымем і цяпер