У Смалявіцкім раёне прадаюць асабняк-комплекс амаль за чатыры мільёны даляраў
22.02.2025 / 15:14
Ёсць таксама ўласны кінатэатр, спа-зона, вінны пограб і халадзільная камера. Агульная плошча тэрыторыі — 4200 «квадратаў».
За 19 км ад Мінска на продажу паставілі дом, за які просяць 12,6 млн рублёў, або каля 3,9 мільёна даляраў. Аб'ява з'явілася на сайце Realt.by.
Дом размяшчаецца ў вёсцы Сасновая ля МКАД-2 Смалявіцкага раёна. Ён быў пабудаваны ў 2022 годзе.
Купіць прапануюць не проста катэдж, а комплекс плошчай 1100 кв. м, у які ўваходзяць тры будынкі: жылы дом — 951,2 кв. м, гасцявы дом — 92,1 кв. м і летняя кухня з саўнай — 57,2 кв. м. У апісанні лота называюць яго «домам вашай мары».
У ім пяць спальняў з санвузламі, банкетны зал для прыёму гасцей, два каміны. Ёсць таксама ўласны кінатэатр, спа-зона, вінны пограб і халадзільная камера. Агульная плошча тэрыторыі — 4200 «квадратаў». Прадугледжаны зона барбекю, ратонда, альтанка і вадаём.