БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Паліна Шарэнда-Панасюк згадала самы трагічны момант у зняволенні

22.02.2025 / 13:11

Nashaniva.com

«І ты адразу разумееш, што ўсё, ты не выйдзеш, гэта не спрацавала. І што далей? У мяне тады адбыўся псіхічны зрыў».

Паліна Шарэнда-Панасюк. Скрын відэа: malina_by / YouTube

Згадваючы сваё зняволенне, Паліна Шарэнда-Панасюк адзначае, што самым трагічным момантам быў той, які яна перажыла ў маі 2024 года.

«Пайшоўшы на іх умовы, падпісаўшы гэтыя паперы — памілоўку, даўшы гэтак званае інтэрв'ю, то-бок, прамовіўшы тое, што яны хацелі, фактычна дыскрэдытаваўшы сябе ў вачах дэмакратычнай супольнасці Беларусі, было спадзяванне (не было стоадсоткавай упэўненасці), што штосьці спрацуе і выпусцяць», — расказвае жанчына ў новым выпуску ток-шоу «Жыццё-маліна».

Па словах Паліны, яна з вялікім напружаннем чакала 21 мая 2024 года, калі павінен быў скончыцца яе тэрмін:

«Ты ўвесь трымціш, разумееш, што апошнія пяць дзён будуць крытычнымі — альбо ты выходзіш, альбо не».

Аднак спадзяванні на лепшае не збыліся:

«Вось пачынаюцца гэтыя пяць дзён. Дзень, другі. І на трэці проста, калі выводзяць з прагулкі: «Шарэнда, зайдзіце ў кабінет». Ты заходзіш і бачыш тую самую жанчыну — Мартынюк Наталлю. Гэта тая, якая двойчы, у 23-м і 24-м годзе, выконвала ў адносінах да мяне ролю следчага.

І яна суе паперку: «Азнаёмцеся, супраць вас заведзена ….» І ты адразу разумееш, што ўсё, ты не выйдзеш, гэта не спрацавала. І што далей? Зноў усё паўторыцца, паўторыцца, паўторыцца. Зноў гэтыя ШІЗА, зноў вар'яцкія этапы, зноў усе здзекі, усе катаванні.

І ты не ўбачыш сваіх дзяцей, не ўбачыш сваіх сыноў, якіх, я думала, што вось ужо можа праз тры дні ўбачу. І разумееш, што ты, можа, ужо ніколі не ўбачыш», — згадвае Паліна і дадае, што ў той момант у яе адбыўся псіхічны зрыў.

Чытайце таксама:

Шарэнда-Панасюк адказала Пазняку: Прапануйце сябе на месца палітвязняў

«Вы павінны сказаць, які дрэнны Саннікаў». Шарэнда-Панасюк — пра тое, як прапагандысты з БТ запісвалі фільм пра яе

Шарэнда-Панасюк: Недапушчальна ствараць з людзей, якія трымаюцца за кратамі, нейкіх недавумкаў

Каментары да артыкула