Трамп заявіў, што Украіна і ЗША не павінны былі дазволіць Расіі пачаць вайну
22.02.2025 / 7:39
Раней прэзідэнт ЗША заявіў, што Украіна не павінна была пачынаць вайну тры гады таму, што выклікала шырокую хвалю крытыкі ў яго адрас.
Фота: Christopher Furlong / Getty Images
У пятніцу прэзідэнт Дональд Трамп удакладніў, што Расія сапраўды ўварвалася ва Украіну і заявіў, што Кіеў неўзабаве падпіша са Злучанымі Штатамі пагадненне аб карысных выкапнях у рамках намаганняў па спыненні вайны, паведамляе «Голас Амерыкі».
У аўторак Трамп сказаў, што Украіна «не павінна была пачынаць» вайну тры гады таму, выклікаўшы хвалю крытыкі як унутры краіны, так і на міжнародным узроўні.
У пятніцу, калі яго спыталі пра гэта ў інтэрв'ю радыёстанцыі Fox News, ён прызнаў, што Расія ўварвалася ва Украіну на загад Пуціна.
«Расія напала, але яны не павінны былі дазволіць ёй напасці», — сказаў Трамп, дадаўшы, што прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі і тагачасны прэзідэнт ЗША Джо Байдэн павінны былі зрабіць захады, каб прадухіліць уварванне.
Трамп таксама прадказаў, што пагадненне аб карысных выкапнях будзе дасягнутае найбліжэйшым часам.
«Мы падпішам пагадненне, спадзяюся, у найбліжэйшыя даволі кароткія тэрміны», — сказаў Трамп журналістам у Авальным кабінеце, калі яго спыталі аб магчымай здзелцы па карысных выкапнях Украіны.
Уладзімір Зяленскі таксама паведаміў у пятніцу, што ўкраінская і амерыканская каманды працуюць над праектам пагаднення. «Я спадзяюся на… справядлівы вынік», — сказаў ён у відэазвароце.
Дональд Трамп таксама заявіў журналістам, што не паедзе ў Маскву на святкаванне 80-й гадавіны Перамогі і заканчэння Другой сусветнай вайны ў Еўропе.
Раней пра магчымасць візіту амерыканскага прэзідэнта на мерапрыемствы 9 мая ў Маскве напісалі некалькі еўрапейскіх выданняў. Прыезд Трампа ў Маскву пакуль не плануецца, таксама паведамілі і расійскія ўлады.
Чытайце таксама:
Трамп не лічыць, што ўдзел Зяленскага ў перамовах аб міры «вельмі важны»
«Ён кіруецца глыбокім пачуццём адказнасці». Дуда параіў Зяленскаму не сварыцца з Трампам
Шрайбман апісвае варыянты, як пры Трампе можа скончыцца вайна ва Украіне