Расійскі тыктокер Азамат Айталіеў прыехаў у Гомель, каб здзекавацца з бяздомнай жанчыны
22.02.2025 / 9:0
Раней тыктокер-мільённік Азамат Айталіеў, які раздражняе многіх беларусаў, казаў, што шукае ў нашай краіне жонку. Нарэшце знайшоў — бяздомную Вікторыю з Гомеля, якая стала вядомай праз тыкток.
Азамат Айталіеў і Вікторыя
Падчас свайго чарговага візіту ў Беларусь Азамат Айталіеў, які любіць хадзіць па дарагіх рэстаранах і правяраць там нервовую сістэму адміністратараў, наведаў Гомель.
Раней блогер ужо казаў, што шукае каханне. Патрабаванняў было не вельмі шмат: ён шукаў прыгожую, здаровую жанчыну, якая б падзяляла любоў Азамата да вандровак і ўсюды суправаджала яго.
Цяпер ён распавёў, быццам знайшоў прыдатную кандыдатуру. У гомельскім рэстаране «Сябры» Айталіеў сустрэўся з іншым вядомым тыктокерам — Анатолем Rubakha Go, які прывёў з сабой бяздомную жанчыну Вікторыю.
Нагадаем: летась Анатоль, дзякуючы ўдзелу ў яго здымках Вікторыі, выйграў у конкурсе расійскага блогера аўтамабіль BMW M4. Хлопец абяцаў, што прадасць прыз і набудзе кватэру бяздомнай жанчыне. Але пакуль тое абяцанне Анатоль не выканаў.
Нядаўна, каб перамагчы ў тыкток-батле, блогер паабяцаў пагаліць Вікторыю нагала. Падарункі адразу пасыпаліся, і Анатоль перамог. А пасля адвёў Вікторыю ў цырульню, дзе жанчыне састрыглі валасы пад нуль. На відэа было бачна, наколькі ёй непрыемна ва ўсім гэтым удзельнічаць, але нікога гэта не спыніла.
Цяпер жа хайпаваць на бяздомнай пачаў і Азамат Айталіеў, які ставіўся да Вікторыі зняважліва-іранічна. Блогер нясмешна жартаваў, што дорыць ёй гаршчок, у які ў дзяцінстве «нешта рабіў».
— Бачыце, якая ў мяне прыгажуня, — рагатаў расіянін. — Блатная такая.
А дзень таму Айталіеў выклад відэа, як быццам бы ажаніўся з Вікторыяй. На жанчыну надзелі белую сукенку і пінжак, не забыліся і пра фату. Запісалі ролік побач з вялікім чырвоным сэрцам.
Цырымонію праводзіў той самы тыктокер Анатоль.
— Каханне маё! — хіхікаў Азамат, неакуратна надзяваючы жанчыне пярсцёнак на палец. Прыкрываючыся фатой, ён зрабіў выгляд, быццам цалуе нявесту. — Мы будзем жыць доўга!
Ролік набраў 650 тысяч праглядаў і 29 тысяч лайкаў.
Каментарый, які набраў каля 8 тысяч лайкаў, гучыць так: «На жаль, Вікторыю выкарыстоўваюць. Шкада жанчыну».
Падобнае відэа ў акаўнце Rubakha Go набрала за дзень 7 мільёнаў праглядаў і 755 тысяч лайкаў. Там шмат каментарыяў прысвечаны таму, што Вікторыю шкада і такіх здзекаў яна не заслугоўвае.
Іншыя блогеры ўжо пачалі запісваць ролікі ў падтрымку Вікторыі. Напрыклад, тыктокерка пад нікам Red Women крытыкуе тое, якім чынам вырашылі раскруціць трэцюю старонку Азамата ў тыктоку.
— Відэа выглядае агідна. І не толькі таму, што Вікторыя — жанчына, з якой проста здзекуюцца. Але і таму, што кучаравы хлопец падае прыклад падрастаючаму пакаленню. Ён літаральна кажа: «Хлопцы, вы можаце знайсці на вуліцы бамжа і рабіць з ім кантэнт, зарабляючы тым самым грошы».