БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Фрыдман прапануе нестандартныя спосабы, як прыцягнуць увагу ЗША да Беларусі

21.02.2025 / 20:30

Nashaniva.com

«Каб хто з беларускіх блогераў змог дагрукацца да Ілана Маска…»

Ілан Маск прывёў у Авальны кабінет свайго сына X Æ A-Xii. Фота: Alex Brandon / AP

Палітычны аглядальнік Аляксандр Фрыдман лічыць, што ініцыятыва ЗША адносна магчымасці прыпынення санкцый узамен на вызваленне палітзняволеных можа быць спыненая ў любы момант. І прычына тут у адсутнасці ў ЗША стратэгіі адносна нашай краіны, у той час як Аляксандр Лукашэнка гатовы да працяглых перамоў. У інтэрв'ю DW Беларусь аналітык адзначыў:

«Праблема, якую я бачу ў гэтай сітуацыі, — гэта тое, што Лукашэнка рыхтуецца і хацеў бы гуляць у доўгую. У яго ёсць час, ён не спяшаецца. А асаблівасць амерыканскай дыпламатыі сёння ў тым, каб спрабаваць вырашыць наскокам сур'ёзныя праблемы. І пакуль гэта заканчваецца сумна. (…)

У выпадку Беларусі я не думаю, што амерыканцы сапраўды гатовыя на нейкія паэтапныя пагадненні. «Ці мы сітуацыю, груба кажучы, цяпер разрулілі, ці не разрулілі. Усё, ідзем далей». Так што Трамп і яго атачэнне, якое яго пераймае, яны хутка губляюць цікаўнасць. У іх няма стратэгіі. І гэта, безумоўна, вельмі сумная гісторыя».

Аляксандр Фрыдман

У той жа час, на погляд Фрыдмана, выбар правільнай доўгатэрміновай стратэгіі мог бы дапамагчы змяніць сітуацыю ў Беларусі, бо Лукашэнка сам не супраць.

«Што тычыцца непасрэдна Лукашэнкі, то тут сапраўды ёсць, над чым працаваць. Я мяркую, што Лукашэнка ў самым канцы свайго кіравання (у любым выпадку доўга яму не засталося) быў бы не супраць здзейсніць афіцыйны візіт у Злучаныя Штаты. Я думаю, яму б гэта вельмі спадабалася, каб яго там прынялі», —

лічыць Фрыдман і нагадвае прыклад з гісторыі ГДР, фактычны кіраўнік якой, генеральны сакратар Сацыялістычнай адзінай партыі Германіі Эрых Хонекер «пайшоў на шмат якія крокі ў бок амерыканцаў, каб яны яго ўсё ж такі запрасілі і з ім пагаварылі», хоць і без асаблівага поспеху.

Як лічыць Фрыдман, прыцягнуць увагу адміністрацыі Трампа могуць нетрывіяльныя крокі:

«З гэтай адміністрацыяй даводзіцца працаваць не толькі звычайнымі дыпламатычнымі метадамі. Калі б каму-небудзь з беларускіх блогераў, напрыклад, атрымалася дагрукацца да Ілана Маска і туды даць інфармацыю, гэты погляд аб тым, што адбываецца ў Беларусі, вось гэта канкрэтны прыклад, калі можна было б, хіба, нешта зрабіць большае недыпламатычнымі метадамі».

Чытайце таксама:

ЗША рыхтуюць здзелку з Лукашэнкам: вызваленне палітвязняў у абмен на санкцыі на калій і банкі

Фрыдман пра імаверную здзелку ЗША і Беларусі: Гэта стала б палітычным самагубствам для Лукашэнкі

Халезін: Можа адбыцца момант, калі Лукашэнка папросіць увайсці ў Беларусь полк Каліноўскага

Каментары да артыкула