«Луч» выпусціў гадзіннік у гонар Караткевіча. Іх будзе ўсяго 95 штук
21.02.2025 / 12:8
Гадзіннікавы завод «Луч» да Міжнароднага дня роднай мовы выпусціў новую лімітаваную калекцыю «Мова». Сёлета яна прысвечана Уладзіміру Караткевічу.
Як паведамілі Onliner на заводзе, у продаж паступіць 95 гадзіннікаў — па колькасці гадоў з дня нараджэння пісьменніка. Кошт — 1495 рублёў. Продаж стартаваў сёння.
Новая мадэль створана на механізме «Луч-2209» — самым тонкім, які выпускаў Мінскі гадзіннікавы завод. На цыферблаце змешчана цытата Уладзіміра Караткевіча: «Мова, прыгожае пісьменства, паэзія, музыка — сродак сувязі між думамі людзей, вышэйшы сродак».
Напярэдадні лімітаваную калекцыю прэзентавалі ў Музеі гадзіннікавай справы.
Выстава, прысвечаная Уладзіміру Караткевічу, будзе даступная з 21 лютага па 21 сакавіка. Адрас музея: вул. Натуралістаў, 3.