БЕЛ Ł РУС

Грамадства

Як працуе міліцэйская сістэма відэаназірання: па фота знаходзіць чалавека ў аўтобусе, у супермаркеце і ў школе

21.02.2025 / 9:0

Nashaniva.com

Беларуская міліцыя заявіла, што яе агульнарэспубліканская сістэма відэаназірання здольная ідэнтыфікаваць чалавека па адным фотаздымку і адсачыць яго перамяшчэнні па ўсёй краіне.

Маніторынгавы цэнтр Дэпартамента аховы МУС. Скрын відэа: ont_by / YouTube

У сюжэце АНТ супрацоўнікі Дэпартамента аховы МУС прадэманстравалі, як працуе агульнарэспубліканская сістэма відэаманіторынгу. Інфармацыя з камер відэаназірання з усёй краіны паступае ў маніторынгавы цэнтр у рэжыме рэальнага часу. Гэта дазваляе аператыўна адсочваць перамяшчэнне людзей і аналізаваць іх паводзіны.

На маніторы бачны відэафайлы, на якіх зафіксаваны журналіст. Скрын відэа: ont_by / YouTube

Каб прадэманстраваць працу сістэмы, супрацоўнікі Дэпартамента загрузілі фатаграфію журналіста і атрымалі запісы з камер па ўсёй краіне, дзе напярэдадні ён быў зафіксаваны. Сярод іх былі запісы з відэакамеры ў школе, адкуль мужчына забіраў дзіця, супермаркеце на поўдні Мінска, краме ў іншым горадзе краіны.

Скрын відэа: ont_by / YouTube

Акрамя таго, у сюжэце былі прадэманстраваны запісы з камер у грамадскім транспарце, якія таксама інтэграваныя ў сістэму. Фіксуецца і ўсё тое, што трапляе на міліцэйскія відэарэгістратары.

Міліцыя падкрэслівае, што сістэма прызначана для павышэння бяспекі, але яе шырокія магчымасці выклікаюць і пытанні наконт прыватнасці і кантролю за грамадзянамі.

Маніторынгавы цэнтр Дэпартамента аховы МУС. Скрын відэа: ont_by / YouTube

У многіх краінах прымяненне відэаназірання рэгулюецца строгімі законамі, што абмяжоўвае выкарыстанне даных і гарантуе правы грамадзян на прыватнасць. У Беларусі ж такія механізмы кантролю развіваюцца без публічнай дыскусіі, што робіць яе жыхароў аб'ектамі пастаяннага назірання.

Відэа з камеры назірання, размешчанай у грамадскім транспарце, таксама трапляе ў агульнарэспубліканскую сістэма відэаманіторынгу. Скрын відэа: ont_by / YouTube

Кожны чалавек, які трапляе ў поле зроку камер, можа быць ідэнтыфікаваны і адсочаны ў рэжыме рэальнага часу, а яго перамяшчэнні захоўваюцца ў базе даных. Гэта азначае, што міліцыя і іншыя дзяржаўныя структуры маюць магчымасць у любы момант даведацца, дзе быў чалавек, у якія месцы заходзіў і як перасоўваўся па краіне.

Чытайце таксама:

Нават калі схаваў твар, цябе пазнаюць — з'явілася новая сістэма відэаназірання

Ці законна весці відэаназіранне за кватэрай, калі здаеш яе пасутачна?

Як праграмы распазнавання твару працуюць пры нашэнні маскі

Каментары да артыкула