БЕЛ Ł РУС

Літаратура

Паэт Лянкевіч завёў нечаканае знаёмства ў варшаўскай кавярні

19.02.2025 / 16:47

Nashaniva.com

Ключавая роля ў гэтай гісторыі дасталася зборніку беларускай паэзіі, перакладзенаму на італьянскую мову, распавёў Уладзь Лянкевіч у фэйсбуку.

Уладзь Лянкевіч. Фота: Darja Roskač, фэйсбук

У варшаўскай кавярні да Лянкевіча і яго сяброўкі-перакладчыцы Кацярыны Маціеўскай падышоў незнаёмы замежнік. На добрай беларускай мове ён запытаў у паэта, ці гэта сапраўды ён, Уладзь Лянкевіч.

Пераканаўшыся ў сваёй здагадцы, замежнік абвясціў, што перакладаў вершы Лянкевіча на італьянскую мову. І ў Варшаве ён праездам — на некалькі дзён.

«Вы замаўляеце па піве і ты стараешся за гадзіну расказаць чалавеку пра Беларусь усё, што паспеецца, хаця ён і сам мо гэта ўжо ведае. Потым паказваеш «Анталогію літоўскай паэзіі», якую толькі заўчора прывёз з Вільні», — узгадвае Лянкевіч.

Пасля размовы літаратары абмяняліся кантактамі і разышліся каля бліжэйшай станцыі метро.

«Едзеш і ўсмешка сама з'яўляецца на твары. Дзякуй, што яшчэ здараюцца такія невыпадковыя выпадковасці», — радуецца паэт.

Замежнікам аказаўся Алясандра Акілі — вядомы італьянскі перакладчык, дацэнт славянскіх моў і літаратуры ва Універсітэце Кальяры. Ён аўтар шматлікіх артыкулаў па польскай, украінскай, беларускай і рускай літаратуры.

Уладзь Лянкевіч — беларускі паэт і перакладчык, саліст і гітарыст гуртоў Tonqixod і luty sakavik. Член Саюза беларускіх пісьменнікаў і Беларускага ПЭН-цэнтра.

Анталогія беларускай паэзіі ў перакладзе. Фота: Уладзь Лянкевіч, фэйсбук

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула