БЕЛ Ł РУС

Здарэнні

У Мінску кавалак бетону з моста ўпаў на аўтамабіль. У «Гардарбудзе» сказалі, што гэта сукупнасць абставінаў

19.02.2025 / 14:36

Nashaniva.com

Жанчына праязджала пад мостам паміж вуліцай Маскоўскай і праспектам Незалежнасці, які цяпер рэканструююць. Раптам у лабавое шкло прыляцеў бетон.

Фота: «Мінск. Галоўнае»

Інцыдэнт адбыўся на вуліцы Талстога ў ноч з 14 на 15 лютага. Жанчына праязджала пад мостам, які цяпер рамантуюць. У лабавое шкло яе аўтамабіля з моста прыляцеў абломак бетону.

Шкло ў выніку разбілася, а жанчыне асколкамі пашкодзіла рукі. Супрацоўнікі ДАІ склалі пратакол і апыталі рабочых. Пасля чаго заявілі, што гэта не страхавы выпадак, бо вінаватага няма, пiша «Мінск. Галоўнае».

Супадзеннем абставінаў назвалі інцыдэнт, які мог прывесці да трагедыі, і ў «Гардарбудзе».

«На пуцеправодзе выконваюцца дэмантажныя працы, падчас якіх узнікаюць вібрацыі. Іх уплыў на дарожныя элементы не выключаецца. Старыя ці няякасныя кампаненты маглі адкалоцца», — цытуе прадстаўнікоў прадпрыемства «Мінск-Навіны».

«Мастабуд», які займаецца рамонтам, гатовы разгледзець хадайніцтва ад уладальніка машыны аб пакрыцці страт у дасудовым парадку.

Акрамя таго, пасля інцыдэнту генеральнаму падрадчыку даручана ўзмацніць меры бяспекі, у тым ліку ўсталяваць навесы па пешаходных злучэннях, а таксама працаваць толькі ў начны час сутак з поўным спыненнем руху.

Загружаны пуцеправод паміж праспектам Незалежнасці і вуліцай Маскоўскай закрылі на рэканструкцыю да канца года. У выніку ў цэнтры Мінска з’явіліся больш праблемы з заторамі.

Чытайце таксама:

Каментары да артыкула