Стала вядома, што за амерыканец нядаўна быў вызвалены з беларускай турмы
18.02.2025 / 21:17
На мінулым тыдні рэжым Лукашэнкі ў выніку дамоўленасці з амерыканцамі вызваліў з-за кратаў трох палітвязняў. Імёны двух былі адразу вядомыя — Андрэй Кузнечык і Алена Маўшук. А вось пра трэцяга было вядома толькі тое, што ён грамадзянін ЗША. Цяпер жа тэлеканал «Дождь» даведаўся ягонае імя — Мікалай Шугаеў.
Фота з асабістага архіва Мікалая Шугаева
56-гадовы Мікалай Шугаеў расказаў «Дождю», што ў яго ёсць амерыканскае і ўкраінскае грамадзянства. У Беларусі ён знаходзіўся з 2020 года, куды прыехаў да сям'і і свайго маленькага сына.
Па словах Шугаева, менавіта жонка, з якой у яго сапсаваліся адносіны, і напісала на яго данос беларускім уладам. Пасля таго яго 5 месяцаў трымалі ў беларускіх СІЗА паводле палітычных артыкулаў.
Мікалай быў падпісаны ў сацсетках на «NEXTA Live», «Радыё Свабода», «Белсат» і іншыя каналы ды медыя, прызнаныя рэжымам «экстрэмісцкімі», праз што і быў затрыманы 12 верасня 2024 года.
Спачатку Шугаеву паставілі ў віну распаўсюд экстрэмісцкіх матэрыялаў і пасадзілі на 13 сутак у ізалятар Наваполацка. Затым пайшлі яшчэ тры такія ж адміністрацыйныя арышты паводле новага складу злачынства.
«Сілавікі пытаюцца: навошта ў цябе на падаконніку ляжыць кніга Джорджа Оруэла «1984»? Я кажу: «Як навошта? Чытаць». Так, калі яны праводзілі ператрус, яны канфіскавалі нават гэтую кнігу. У мяне ў кватэры віселі сцягі дзвюх краін — амерыканскі і ўкраінскі. Сцягі таксама канфіскавалі», — расказаў мужчына.
Умовы ў ізалятары Шугаеў называе катоўняй: яму не дазвалялі мыцца, нармальна спаць і вельмі слаба кармілі. Таксама ў дачыненні да зняволенага практыкавалі катаванне пад назвай «ластаўка», сцвярджае мужчына.
У ізалятары Шугаеў прабыў 56 дзён, пасля чаго мужчыну перавялі ў СІЗА КДБ у Менску і распачалі супраць яго крымінальную справу за публічную абразу Лукашэнкі, асновай для якога стаў каментар у інстаграме. Там ён правёў яшчэ тры месяцы.
Фота з асабістага архіва Мікалая Шугаева
12 лютага Шугаеў выйшаў на волю пры садзейнічанні амерыканскіх уладаў. Цяпер Мікалай знаходзіцца ў Сан-Антоніа (штат Тэхас), у медыцынскай клініцы на тэрыторыі вайсковай базы, дзе праходзіць рэабілітацыю. За 5 месяцаў зняволення ён страціў 20 кілаграмаў, мужчына скардзіцца на праблемы са зрокам. Таксама па выніках аналізаў у мужчыны ёсць падазрэнне на сухоты, якія ён мог падхапіць у ізалятары.
Чытайце таксама:
Амерыканцы забралі з беларускай турмы журналіста Андрэя Кузнечыка і яшчэ двух палітзняволеных
Прэс-сакратарка Лукашэнкі пракаментавала вызваленне Беларуссю амерыканца
Ціханоўская сустрэлася з амерыканскім чыноўнікам, які прыязджаў у Мінск па палітвязняў