Атмасферны інтэрнат у Мінску, дзе жылі алімпійцы Яніна Карольчык, Антон Кушнір і Дар'я Домрачава, збіраюцца знесці
18.02.2025 / 15:49
У глыбіні вуліцы Акадэмічнай, якая пачынаецца адразу за Нацыянальнай акадэміяй навук, схаваныя тры атмасферныя двухпавярхоўкі. У двух з іх жывуць людзі, а трэцяя да нядаўняга часу была інтэрнатам. Аказваецца, гэты будынак прыгаварылі да зносу, піша Realt.
Тры атмасферныя двухпавярховікі схаваныя за шумным праспектам Незалежнасці і Акадэміяй навук. Цагляныя дамы для жыхароў з'явіліся тут адразу пасля вайны. Кватэры ў іх выдавалі работнікам Акадэміі навук, а пазней адзін з будынкаў стаў інтэрнатам БФСТ «Дынама». Менавіта гэты дом па Акадэмічнай, 11Б і жадаюць знесці.
Старажылы раёна ўзгадваюць, што ў інтэрнаце на Акадэмічнай у свой час жылі алімпійцы Яніна Карольчык, Антон Кушнір і Дар'я Домрачава. Каля пяці гадоў таму інтэрнат закрыўся, а яго памяшканні занялі офісы.
Наогул, аб зносе гэтых двухпавярховых дамоў у цэнтры горада гаварылі не адзін раз. Апошні капрамонт дамоў прайшоў у 80-я гады. І вось стала вядома, што Беларускае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» вырашыла ўзвесці на месцы пустуючага інтэрната новы будынак.
Адміністрацыя Першамайскага раёна Мінска аб'явіла, што грамадскае абмеркаванне праекта пройдзе з 24 лютага па 10 сакавіка. Прэзентацыю аб'екта можна будзе паглядзець на сайце, а таксама ў друкаванай форме ў вестыбюлі адміністрацыі Першамайскага раёна.
З кароткага апавяшчэння можна зразумець, што на месцы цаглянага інтэрната 1954 года пабудовы плануецца ўзвесці новы будынак, а таксама правесці добраўпарадкаванне прылеглай тэрыторыі і выканаць мерапрыемствы па стварэнні даступнага асяроддзя для фізічна аслабленых асоб. Іншых падрабязнасцяў праекта пакуль няма.