БЕЛ Ł РУС

Культура

На адну з найстарэйшых цэркваў Капыльскага раёна паставілі залатую цыбуліну і рускія какошнікі

15.02.2025 / 14:45

Nashaniva.com

Царква ў гонар Пакрова Прасвятой Багародзіцы ў вёсцы Пацейкі, якая заспела яшчэ часы Рэчы Паспалітай, замест аднаўлення зведала гвалтоўную русіфікацыю. 

Царква ў Пацейках пасля перабудовы з залатым купалам і рускімі какошнікамі. Фота: «Слава Працы»

Змены ў выглядзе царквы заўважыў тэлеграм-канал «Спадчына».

Помнік народнага дойлідства быў пабудаваны яшчэ ў 1793 годзе, незадоўга да другога падзелу Рэчы Паспалітай. У 1868 годзе на сродкі прыхаджан драўляную царкву капітальна рэканструявалі. Выявіць гістарычныя здымкі храма не ўдалося, але вядома, што шчыт храма быў упрыгожаны картушам, а званіца стаяла асобна.

Былая царква, пераабсталяваная пад вясковы клуб, у 2008 годзе. Фота: Глобус Беларусі

У 2010-я гады будынак быў цалкам ашаляваны салатавым сайдынгам. Фота: sobory.ru

Пасля Другой сусветнай вайны царкву канчаткова закрылі і прыстасавалі пад сельскі клуб. Пазней перад галоўным фасадам царквы з'явілася мураваная прыбудова, у якой размяшчалася бібліятэка. 

У такім выглядзе царква існавала да 2010-х гадоў, калі будынак ашалявалі салатавым сайдынгам. Старадаўняя царква стала неадрознай ад вясковай хаты пасля еўрарамонту. 

Пасля вяртання царквы вернікам з яе знялі сайдынг, а сцены пафарбавалі ў ярка-сіні колер. Фота: «Мінская праўда»

У 2023 годзе будынак былога храма перадалі Беларускай праваслаўнай царкве. Амаль адразу пачаліся будаўнічыя работы пад кіраўніцтвам серба Міладзіна Лучыча. Унутры была падшытая дрэвам столь, створаны новы іканастас, заслана дыванамі падлога.

Залатыя купал-цыбуліна і барабан з нітрыду тытану. Фота: Слуцкая епархія

Залаты купал-цыбуліна з нітрыду тытану. Фота: Слуцкая епархія

Звонку знялі сайдынг, сцены мураванай прыбудовы ашалявалі дрэвам і пафарбавалі ўвесь будынак ва ўльтрамарынавы сіні колер. Такога ж штучнага колеру зроблена і крыццё новага даху храма. Нарэшце, на дах пасадзілі залатыя цыбулепадобныя купалы з упадабанага РПЦ нітрыду тытану і трохлопасцевыя какошнікі. Нішто з гэтага, натуральна, ніколі не выкарыстоўвалася і нават не існавала ў часы будаўніцтва царквы ў Пацейках.

Царква, нягледзячы на свой паважны ўзрост, ніяк не мае статусу гісторыка-культурнай каштоўнасці і ніяк не ахоўваецца, а значыць уласнік можа рабіць з ёю што захоча. 

Чытайце таксама:

Не рэстаўрацыя, а пасмешышча. У Ружанах «зарэстаўравалі» рэзідэнцыю Сапегаў

Следам за Ружанамі. БНТУ перамалёўваюць у кіслотна-зялёныя колеры

У Аздамічах на Століншчыне на царкву паставілі пазалочаную «цыбуліну» ФОТАФАКТ

Праваслаўны прыход у Слоніме пакараюць за незаконна перамаляваны храм XVII стагоддзя

Каментары да артыкула