У Naviband выйшаў новы беларускамоўны альбом «Адліга». Сярод песень — дуэт з «Бі-2»
14.02.2025 / 7:0
Новы студыйны альбом Naviband пад назвай «Адліга» — гэта 50 хвілін беларускамоўнай музычнай лірыкі, куды ўвайшлі хіты «Прабач», «Мама», а таксама новыя трэкі. У тым ліку выкананыя ў дуэце з іншымі артыстамі — Шурам з «Бі-2», спявачкай Palina і грузінскім гуртом Mgzavrebi.
Арцём Лук’яненка і Ксенія Жук. Фота: «Наша Ніва»
«Нехта можа спытаць, чаму «Адліга», калі адлігі ніякай няма. Але мы мусім яе прыцягваць, верыць, што загляне сонца ў цёмныя часы. І хто як не людзі культуры павінны прыцягваць гэтую самую адлігу», — патлумачыў канцэпт назвы Арцём Лук’яненка.
Музыкі распавялі, што альбом нараджаўся ў розных кропках свету — ад Атлантычнага акіяна да Белавежскай пушчы.
Большую частку словаў для «Адлігі» напісаў Арцём. Напрыклад, песня «Мама» стваралася на Падляшшы, падчас медытатыўнага сузірання блізкай да Беларусі прыроды. А першыя радкі трэка «Цёмная вада» прыйшлі ў галаву ў дзень поўнамаштабнага ўварвання Расіі ва Украіну.
Але ёсць там і песні Ксюшы Жук. Напрыклад, электронная «Артэфакт», баладная «Маё каханне», інды «Арыён» і пранізлівая «Стрэламі». Апошняя прысвечаная дзядулі, з якім вакалістка не змагла развітацца пасля яго смерці.
«Адбылося так, што два гады таму мы ўпершыню гралі канцэрт у Батумі. І ў дзень канцэрта мне патэлефанавала маці і сказала, што не стала майго дзядулі, які быў апошнім часам блізкім для нашай сям’і. Ён захварэў і згарэў за месяц. Мы як толькі даведаліся [пра хваробу], спрабавалі рабіць нейкія відэа, тэлефанаваць, пісаць, Мацей (сын Ксюшы і Арцёма. — НН) намаляваў для яго малюнак — спрабавалі паспець гэта перадаць, і ў апошні момант, амаль за дзень да таго, як яго не стала, да яго дайшлі гэтыя лісты.
Але ўсё гэта вельмі балюча. Шмат беларусаў не маюць магчымасці развітацца са сваімі блізкімі і роднымі пры патрэбе. Гэта ўсё вельмі бесчалавечная гісторыя.
Я спачатку сама да канца не разумела, пра што напісалася песня: было шмат эмоцый, якія хацелася выплюхнуць. І толькі калі я дапісала апошнія радкі ў тэксце і мы прыйшлі на фінальны запіс вакалу — я зразумела, што гэта песня пра страту, пра тое, як баліць, калі ты не можаш быць побач, што проста сэрца разрываецца. Напэўна, праз гэтую песню ў іншых людзей будзе магчымасць крыху прайсці таксама тэрапію. Каб яны зразумелі, што яны не адны».
Асноўны склад каманды, якая працавала над альбомам — злева — Мацей, сын Ксюшы і Арцёма, голас якога, напрыклад, можна пачуць у песні Life. Справа — музычны прадзюсар Аляксандр Табольскі і Яраслаў Таміла (хаця ў рэальнасці да з’яўлення альбома прыклала руку яшчэ больш людзей)
Нягледзячы на такія складаныя ўзнятыя тэмы і не заўсёды вясёлыя крыніцы натхнення, альбом «Адліга» атрымаўся светлым і поўным надзеі. Не дарма ён заканчваецца трэкам пад назвай «Надзея». А да гэтага некалькі разоў пранізваецца мантрай «Загляне сонца», дзе нас усіх медытатыўным голасам настройваюць: «Загляне сонца ў цёмныя часы».
«Альбом адчуваецца як самая цёплая пуховая коўдра, якой цябе маленькую накрывае бабуля», — падзялілася ўражаннем адна з першых слухачак.
Альбом ужо даступны для праслухоўвання на ўсіх асноўных стрымінгавых платформах, у тым ліку на «Яндэкс.Музыцы» і VK music. Па словах музыкаў, асноўная частка аўдыторыі слухае іх якраз з Беларусі.
24 мая ў Варшаве запланаваная вялікая прэзентацыя новага альбома.
Чытайце таксама:
Спявачка і кампазітар Palina напісала музыку для паказу на Тыдні высокай моды ў Парыжы
У красавіку ў Сашы Філіпенкі выйдзе новая кніга — па-беларуску
Музычны гурт Irdorath абвясціў пра свой першы еўрапейскі тур
У польскім фінале адбору на «Еўрабачанне» прагучыць песня на падляскай гаворцы