Гэты мікрараён Мінска цяпер не пазнаць — забудавалі высоткамі
13.02.2025 / 12:12
У мінскім мікрараёне Сцяпянка зараз узводзяць вялікі квартал панэльных шматпавярховікаў. Будуе жыллё МАПІД.
Новая забудова ў Сцяпянцы. Фота тут і далей: realt.by
Сёння Сцяпянку, былы закрыты гарадок, не пазнаць, піша Realt. Побач з вядомымі славутасцямі мікрараёна (воданапорнай вежай і помнікам самалёту) будаўнікі адначасова ўзводзяць адразу некалькі дамоў. За ўчастак у межах вуліц Карвата, Геалагічнай, Высокай і Сувязістаў гарадскія ўлады сур'ёзна ўзяліся некалькі гадоў таму — тэрыторыю вызвалілі ад старых ангараў для вайсковай тэхнікі і сталі рыхтаваць да забудовы.
Усяго ў гэтым квартале ўзвядуць 8 панэльных шматпавярховікаў — 6 дамоў па 19 паверхаў і 2 дамы па 10 паверхаў. Таксама тут будуць пабудаваныя тры шматузроўневыя стаянкі. Заказчыкам будаўніцтва выступае УКБ Заводскага раёна.
Зараз тут цалкам гатовыя два першыя дамы — на фасадах ззяе свежая фарба, на дзіцячай пляцоўцы цешыць вока яркае абсталяванне, а самім гмахам ужо прысвоеныя адрасы.
Тэрыторыя вакол дамоў таксама добраўпарадкавана. Тут выкладзеная тратуарная плітка, высаджаны дэкаратыўныя кусты, нанесеная дарожная разметка, усталяваны зарадныя станцыі для электрамабіляў і велабоксы.
Побач з новабудоўлямі фактычна сабраныя яшчэ два панэльныя слупкі. Здаецца, тут засталося толькі зашкліць лоджыі і пафарбаваць фасады.
Жыллё ў Сцяпянцы прызначана для маючых патрэбу ў паляпшэнні жыллёвых умоў — у тым ліку для шматдзетных сем'яў, а таксама для вайскоўцаў, супрацоўнікаў Мінабароны і прадстаўнікоў дзяржаўных СМІ. Квадратны метр у панэльных дамах лічылі па 620-645 даляраў. Такім чынам, аднапакаёвая кватэра абышлася дольшчыкам у суму каля 27-28 тысяч даляраў, двухпакаёвая — каля 32-38 тысяч даляраў, трохпакаёвая — каля 50 тысяч даляраў.
Жыллё ў дамах здаецца з поўным аздабленнем: у кватэрах клеяць шпалеры, фарбуюць столі, кладуць ламінат і плітку. Кухні абсталююць электрычнымі плітамі. Цікава, што некаторую колькасць кватэр у Сцяпянцы зробяць арэнднымі.
Што тычыцца цэн на кватэры ў Сцяпянцы на другасным рынку, то жыллё ў свежых новабудоўлях у продажы пакуль яшчэ не з'явілася. Але для прыкладу можна разгледзець кватэру ў аналагічным панэльным слупку, размешчаным насупраць новага квартала. Тут некалькі гадоў таму камерцыйны забудоўшчык узвёў жылы комплекс «Сцяпянка», які складаецца з пяці дамоў. Цяпер у ЖК прадаецца ўсяго адна кватэра.
Гэта двушка без аздаблення. Плошча жылля на чацвёртым паверсе складае 60 квадратных метраў. У кватэры зробленыя сцяжка падлогі, разводка электрыкі, ёсць выключальнікі і разеткі, устаноўлены прыборы ўліку вады і электраэнергіі. Кошт — 88,9 тысячы даляраў (1467 даляраў — за метр).