Што чуваць у РТБД пасля чыстак рэпертуару і звальнення найбольш зорных акцёраў?
16.02.2025 / 7:0
Восеньскія чысткі ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі прывялі да звальнення самых зорных акцёраў і знікнення з рэпертуару найбольш касавых спектакляў, дзе тыя былі занятыя. Як стала вядома «Нашай Ніве», на гэтым выхаваўчыя меры ў тэатры не скончыліся.
Сцэна са спектакля «Мудрамер». Фота: rtbd.by
Так, асобную ідэалагічную размову правялі з камандай, занятай у спектаклі «Мудрамер». Гэтая сатырычная камедыя была пастаўленая яшчэ ў 2019 годзе сённяшнім эмігрантам, рэжысёрам Аляксандрам Гарцуевым. Акцёры там, сярод іншага, граюць міністра ўзгадненняў і яго намеснікаў, і па сюжэце героі плануюць запусціць у масавую вытворчасць апарат «Дурамер», закліканы мераць чалавечую дурасць.
«Акцёры сёння павінны дэманстраваць ідэалагічную вернасць, пра што ім чарговы раз нагадалі», — распавяла адна з крыніц, знаёмая з сітуацыяй.
«Новая дырэктарка не асабліва хоча ставіць старыя спектаклі, — падзяліўся яшчэ адзін суразмоўца, — Таму, як мы бачым, большасць «старога» ўжо прыбрана з рэпертуару, але нешта яшчэ трымаецца».
Акцёры працягваюць граць іншыя спектаклі, пастаўленыя Гарцуевым, напрыклад, «Вецер шуміць у таполях», «Калека з вострава Інішман», але яшчэ раней з афішы, напрыклад, прыбралі пастаноўку Гарцуева «Кар’ера доктара Рауса» па творы Віктара Марціновіча. А таксама падчысцілі «Сірожу» па п’есе Юліі Чарняўскай.
З новых праектаў, якія з’явіліся на сцэне РТБД, праца сённяшняй дырэктаркі Святланы Навуменка — вечар гарадскіх камедый «Заручыны». У ім вялікую долю акцёраў складаюць тыя, хто прыйшоў у тэатр ужо пасля 2020 года, некаторыя — зусім нядаўна.
На 19 сакавіка запланаваная яшчэ адна прэм’ера, ужо калектыўнай творчасці — спектакль «Май хомлэнд», камедыя пра касмапалітызм.
Што тычыцца звольненых акцёраў, то некаторыя з іх падпісалі кантракты з расійскім агентам і збіраюцца здымацца ў Расіі.
Нагадаем, рэпрэсіі закранулі сцены РТБД адразу пасля выбараў-2020. У знак пратэсту з тэатра звольніліся Андрэй Новік і Мікалай Стонька. Ілля Ясінскі быў вымушаны з'ехаць з краіны пасля таго, як яго затрымалі на адным з маршаў і зламалі пазванкі. У канцы 2021 года з тэатра быў звольнены мастацкі кіраўнік Аляксандр Гарцуеў, які ўзначальваў РТБД з 2012 года. Акрамя таго, РТБД пакінулі Алена Баярова, Марыя Пятровіч, Марына Здаранкова і Максім Шышко.
У красавіку 2024 года акцёра Уладзіслава Ноздрына разам з жонкай, таксама актрысай тэатра, асудзілі да 2 гадоў і 6 месяцаў хатняй хіміі за ўдзел у пратэстах. У выніку партфоліа Уладзіслава прыбралі з сайта тэатра. Неўзабаве затрымалі зорак калектыву Максіма Брагінца, Зміцера Давідовіча, Арцёма Курэня і Ганну Семяняка, а таксама былую дырэктарку тэатра. Мужчыны адсядзелі «суткі» і пасля былі звольненыя са сваіх пасад. Да ліку тых, хто пакінуў тэатр, далучылася і Ганна Семяняка, а пазней і яшчэ адзін акцёр — Дзяніс Аўхарэнка.
Чытайце таксама:
«Чаго вам не хапала? Жыві — не хачу!» Паглядзелі «Экстрэмісты» — новы спектакль «Купалаўцаў»