«Упаў у раёне райвыканкама, кучу міліцыі нагналі, у тым ліку АМАП». У Хойніках упаў расійскі дрон
10.02.2025 / 15:41
Жыхары раённага цэнтра Хойнікі Гомельскай вобласці расказалі «Флагштоку» аб падзенні ў цэнтры горада расійскага ўдарнага беспілотніка 9 лютага.
БПЛА тыпу Shahed-136. Ілюстратыўнае фота
Па словах аднаго з відавочцаў, дрон «прызямліўся» ў раёне райвыканкама прыкладна ў 3:30 ночы і ледзь не трапіў у 5-павярховы жылы дом №3 па завулку Катоўскага:
«Ляцеў недзе з боку паўночнага ўсходу. Упаў амаль у 5-павярховік. Увесь дом эвакуіравалі, засялілі ў гатэль. Бліжэйшыя магазіны днём закрылі. Пасля абеду дрон вывезлі і ўзарвалі. Увесь горад на вушах. Кучу міліцыі нагналі, у тым ліку АМАП».
Іншая крыніца пацвердзіла інфармацыю:
«З раніцы ўсё было ачэплена, беспілотнік упаў побач з выканкамам, былі сапёры, МНС і міліцыя».
Месца падзення беспілотніка ў цэнтры Хойнікаў. Візуалізацыя: «Флагшток»
Месца падзення беспілотніка ў цэнтры Хойнікаў. Візуалізацыя: «Флагшток»
Такім чынам, БПЛА ўпаў у Хойніках без дэтанацыі. Яго дакладная мадэль невядома, верагодна, гэта была найбольш распаўсюджаная мадэль, якую Расійская Федэрацыя прымяняе для ўдараў па Украіне — дрон тыпу Shahed-136 (Герань-2).
Таксама нельга выключаць, што ў Беларусь заляцеў расійскі дрон-падманка Гербера, які служыць для перагрузкі ўкраінскага СПА і не ўтрымлівае выбуховага рэчыва.
Побач з месцам падзення беспілотніка таксама знаходзіцца музычная школа. Туды патэлефанаваў «Флагшток» ад імя бацькі і спытаў, ці бяспечна сёння адпраўляць дзіця на заняткі:
«Вядома, учора ўжо ўсё прыбралі, усё добра», — пацвердзілі ў школе.
Улады і спецслужбы вырашылі схаваць інфармацыю аб падзенні беспілотніка ў цэнтры Хойнікаў. Няма ніводнай публікацыі пра гэтае здарэнне.
Уначы 9 лютага Расія масава атакавала Украіну ўдарнымі беспілотнікамі. Частка дронаў заляцела на тэрыторыю Беларусі.
Па афіцыйнай інфармацыі Паветраных сіл Украіны, ноччу 9 лютага Расія запусціла па Украіне 151 «шахед». Пацверджана збіццё 70 БПЛА. 74 БПЛА-імітатары — лакацыйна страчаныя.
Раней жыхары Хойніцкага раёна, які мяжуе з Украінай і дзе ўжо фіксаваліся залёты расійскіх дронаў, прасілі пра абарону навучальных устаноў ад БПЛА. Сваю просьбу мясцовыя жыхары тлумачылі трывогай за бяспеку дзяцей. Аднак кіраўніцтва аблвыканкама перанакіравала зварот у галоўнае ўпраўленне адукацыі «з просьбай паведаміць падпісантам і аблвыканкаму аб прынятым рашэнні». Больш нічога не паведамлялася. А электронны сэрвіс, на якім была апублікаваная гэтая петыцыя, абвясцілі экстрэмісцкім.