Пуцін адмовіўся публічна прасіць прабачэння за падбіты азербайджанскі самалёт
7.02.2025 / 20:33
Уладзімір Пуцін не плануе выступаць з якімі-небудзь заявамі з нагоды катастрофы самалёта авіякампаніі Azal («Азербайджанскія авіялініі»), якая адбылася ў снежні. Пра гэта паведаміў ягоны прэс-сакратар Дзмітрый Пяскоў, каментуючы публікацыю азербайджанскіх СМІ, у якой Расіі прапануецца ўзяць на сябе адказнасць за інцыдэнт.
«Не, не плануецца [выступленне па тэме катастрофы]», — коратка адказаў Пяскоў на адпаведнае пытанне.
Самалёт «Азербайджанскіх авіяліній» Embraer E190, які ляцеў з Баку ў Грозны, разбіўся каля казахстанскага Актау 25 снежня. З 67 чалавек на борце выжылі толькі 25. Сцвярджаецца, што ён быў збіты расійскім зенітна-ракетным комплексам «Панцыр-С». Упэўненыя ў гэтым азербайджанскія ўлады пагражаюць падаць на Маскву ў міжнародны суд, калі яна не прызнае сваёй віны.
Апублікаваныя нядаўна вынікі папярэдняга расследавання Мінтранса Казахстана сведчаць пра шматлікія пашкоджанні фюзеляжа, крылаў і хваста самалёта. У дзень катастрофы ў аэрапорце Грознага дзейнічаў рэжым «Дыван» (закрыццё паветранай прасторы), але экіпаж даведаўся пра гэта ўжо толькі пасля атрыманых пашкоджанняў.
Азербайджан абвінавачвае Расію ў спробе схаваць праўду, параўноўваючы гэта з расследаваннем крушэння малайзійскага самалёта MH17 у небе над украінскім Данбасам у 2014 годзе. Масква, аднак, працягвае адмаўляць сваю адказнасць, нягледзячы на публікацыю вынікаў расследавання ў Казахстане.
Прэзідэнт Азербайджана Ільхам Аліеў запатрабаваў пакарання вінаватых і раскрытыкаваў спробы Расіі схаваць факт атакі.
Чытайце таксама:
Азербайджан спыніў у краіне дзейнасць «Рассупрацоўніцтва»
«Азербайджанскія авіялініі» прыпыняюць палёты ў некалькі гарадоў Расіі
Аліеў зноў рэзка прайшоўся па Расіі за збіты самалёт: Мы патрабуем чалавечых паводзін
Кадыраў узнагародзіў свайго пляменніка, адказнага за збіццё дронаў над Грозным