Польскае медыя сцвярджае, што ў «Белсата» выявілі «шматлікія парушэнні». Пра што гаворка?
5.04.2024 / 22:54
Польскае выданне Fakt са спасылкай на ўнутранае расследаванне Польскага грамадскага тэлебачання TVP сцвярджае, што за апошнія гады ў працы «Белсата» быццам назапасіўся «доўгі спіс парушэнняў».
Агнешка Рамашэўская-Гузы. Фота: Белсат
«На тэлеканале «Белсат» адбывалася ірацыянальнае і сістэматычнае растрачванне дзяржаўных грошай шляхам бескантрольнай замовы паслуг або абсталявання без якой-небудзь ацэнкі карыснасці дзеянняў. «Белсат» дэ-факта функцыянаваў як цалкам незалежная структура, якая не выконвае аніякіх унутраных правілаў, якія дзейнічаюць на TVP», — гаворыцца ў «службовай запісцы TVP», да якой нібыта атрымала дасяг польскае выданне Fakt.
Калі верыць той запісцы, бюджэт «Белсата» ў 2021-2022 гадах раптоўна павялічыўся на 50% на фоне адсутнасці аналагічнага росту аўдыторыі і актыўнасці канала.
У той жа час даходы многіх кампаній-партнёраў «Белсата» за даванне яму паслуг таксама павялічыліся на 50%, заяўляе Fakt.
Акрамя таго, выданне са спасылкай на крыніцы напісала пра супрацоўніка, які нібыта «выкарыстоўваў сваю ўласную кампанію для аказання паслуг каналу, якія сам жа заказваў у сябе ад імя «Белсата».
Гэты супрацоўнік, паводле Fakt, — выканаўчы прадзюсар канала «Белсат» Міхал Барона.
«Наш інфарматар паведаміў, што Міхал Барона ў большасці выпадкаў афармляў заказы паслуг ад імя «Белсата» пад сваім подпісам на імя сваёй жа кампаніі Ad Astra Media, дзе ў якасці выканаўцы паслуг для канала таксама пазначаны Міхал Барона.
Гаворка ідзе пра паслугі коштам некалькі сотняў тысяч злотых у год», — піша выданне Fakt.
У якасці прыкладу выданне прыводзіць інфармацыю з рахункаў-фактур Ad Astra Media, якая аказвала паслугі «Белсату» у арганізацыі фестываля беларускага кіно «Bulba Movie» ў Варшаве 31 кастрычніка 2023 года.
Замова на тыя паслугі ад «Белсата» была аформлена асабіста Міхалам Баронай, а выканаўцам паслуг ад асобы Ad Astra Media таксама выступаў Барона, адзначае Fakt.
Сам Міхал Барона, як піша Fakt, у каментарах да выдання пацвердзіў, што ягоная кампанія выконвала замовы «Белсата», але падкрэсліў, што ён не замаўляў гэтыя паслугі асабіста.
«Гэта адбываецца таму (супрацоўніцтва Ad Astra Media з «Белсатам»), што мая кампанія вельмі прафесійная. Я змог прапанаваць значна лепшую цану за паслугі, чым было ў іншых кампаній. Дзякуючы нашаму супрацоўніцтву, «Белсат» зэканоміў каля 20% бюджэту на выпуск прадукцыі», — прыводзіць словы Міхала Бароны выданне Fakt.
Нагадаем, што праблемы ў «Белсата» узніклі з прычыны рэформы грамадскіх СМІ ў Польшчы, у тым ліку тэлекампаніі TVP, у структуру якой уваходзіць «Белсат».
Сітуацыя стала вынікам змены кіраўніцтва Польскай тэлевізіі. Кадравыя перастаноўкі ініцыявала новая ўлада, што прыйшла пасля парламенцкіх выбараў. Быў таксама звольнены менеджмент Польскага радыё і Польскай агенцыі друку.
Сярод звольненых аказалася і Агнешка Рамашэўская-Гузы, якая 17 год кіравала «Белсатам» на пасадзе дырэктаркі. Пры гэтым ёй нібыта спярша прапанавалі звольніцца па ўласным жаданні і «з залатым парашутам», то-бок на вельмі добрых умовах, але жанчына на гэта не пагадзілася.
Кіраўніком «Белсата» цяпер стаў Аляксей Дзікавіцкі.
Чытайце таксама: