Латушка прызнаўся, што сам зліў «чорны спіс» артыстаў для публікацыі, калі быў міністрам
12.06.2023 / 17:14
У інтэрв'ю ютуб-каналу супольнасці «Сумленныя людзі» колішні міністр культуры Беларусі Павел Латушка паведаміў, што ў тыя часы менавіта ён непасрэдна паспрыяў таму, каб спіс артыстаў, якім была забаронена гастрольная дзейнасць у Беларусі, стаў вядомы грамадскасці.
Павел Латушка. Фота Офіса Святланы Ціханоўскай
«Ён быў раней перададзены ў інтэрнэт. Магу нават прызнацца, што копію гэтага спіса я перадаў тым людзям, якія пазней яго апублікавалі», — заявіў Латушка.
Цяперашні намеснік старшыні Аб'яднанага пераходнага кабінета і кіраўнік Нацыянальнага антыкрызіснага ўпраўлення таксама дадаў, што спіс складаўся ў Адміністрацыі Лукашэнкі, яго раздавалі там у раздрукаваным выглядзе на нарадзе. У аблвыканкамы і буйныя дзяржустановы рассылалі ў выглядзе даручэння Адміністрацыі.
Латушка мяркуе, што спіс складалі супрацоўнікі КДБ, а ў Адміністрацыі яго курыравала сумна вядомая чыноўніца ад культуры Ірына Дрыга.
Сам Латушка, які быў міністрам культуры ў 2009—2012 гадах, нібыта выступаў супраць абмежаванняў для артыстаў, а пазней публічна заклікаў скасаваць «чорныя спісы».
Чытайце таксама:
Латушка расказаў, як лукашэнкаўскія дэпутаты спрабавалі аспрэчыць санкцыі, уведзеныя супраць іх
Латушка: Самай моцнай санкцыяй супраць Расіі была бы ліквідацыя рэжыму Лукашэнкі